Разам з бацькамі працуюць дзеці

Главное Сельское хозяйство

У мінулым годзе за высокія намалоты Сяргей Паўлавіч і Анатоль Раманюкі атрымалі лісты з падзякай.

Нялёгкай была праца на сваёй зямлі нашых продкаў. Каб вырасціць збожжа, сыны разам з бацькамі ніву аралі, потам палівалі ды мазалі на руках націралі. Узгадаем “Палескую хроніку” Івана Мележа.

Праходзяць стагоддзі, іншай становіцца культура земляробства, на ўзбраенні аграрыяў – высокапрадукцыйная тэхніка. І толькі нязменным застаецца адно: адносіны да яго вялікасці Хлеба. Па-ранейшаму ганарова працаваць на збожжавых палетках разам з бацькамі, братамі, сваякамі.

Як расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан, на жніве-2019 найбольшая колькасць сямейных экіпажаў задзейнічана ў ААТ “Чамярыскі”. Вячаслаў Салдаценка працуе з бацькам Ігарам Мікалаевічам, Павел Ткачэнка ўзяў у памочнікі свайго цесця Віталія Ефіменку. Віктар і Міхаіл Салдаценкі – родныя браты, як і Пётр Ефіменка і Міхаіл Галко.

Не адстаюць ад іх і малажынцы. Камбайнер Пётр Лазарэнка перадае сакрэты майстэрства сыну Аляксандру, а пераможцу ў абласным спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў Андрэю Гузу выпала магчымасць весці касавіцу збожжавых разам з цесцем Валерыем Касцючэнкам. У “Малажынскім” ён лічыцца вопытным і ўмелым механізатарам. Вывелі свой стэпавы карабель на хлебную ніву стрыечныя браты Іван Харко і Аляксандр Давыдоўскі.

У ААТ “Імя Жукава” ўборку каласавых вядуць Сяргей Раманюк з сынам Анатолем, у “Брагінскім” – Сяргей Жураў з дачкой Анастасіяй. У гэтай жа гаспадарцы ў адным экіпажы за высокія намалоты змагаюцца Аляксандр Кацуба з пляменнікам Аляксеем.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *