Тэма тыдня: Лукашэнка праінспектаваў ход уборачнай у некалькіх рэгіёнах

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня з паветра праінспектаваў ход уборачнай кампаніі ў некалькіх рэгіёнах краіны.

«Пасля наведвання Веткі кіраўнік дзяржавы ход уборачнай агледзеў з паветра. Прэзідэнцкі верталёт праляцеў над чарнобыльскімі раёнамі, стан спраў быў відаць як на далоні. Далей маршрут пралягаў па ўсходніх раёнах краіны, аж да Віцебскай вобласці», — расказалі ў прэс-службе.

Там адзначылі, што прэзідэнцкая інспекцыя стала лагічным прадаўжэннем праведзенай два дні таму рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю. Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі была выдатная магчымасць асабіста ацаніць ход уборачнай адразу ў трох рэгіёнах краіны.

Кіраўнік дзяржавы 25 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. Прэзідэнт наведаў птушкафабрыку «Беларуснафта-Асобіна», дзе яму далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, фінансавым стане прадпрыемства і перспектывах яго развіцця, а таксама азнаёміўся з уборкай збожжавых культур на прыкладзе гаспадаркі «Вясёлка-Агра». У гаспадарцы Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі некалькі збожжаўборачных камбайнаў на газаматорным паліве, вырабленых па яго даручэнні.

Пасля Прэзідэнт наведаў блок плавальных басейнаў, які быў адкрыты ў маі 2018 года на базе Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе яму далажылі аб падыходах да аздараўлення насельніцтва ў чарнобыльскіх раёнах.

«Гомсельмаш» заўсёды быў, ёсць і будзе — Лукашэнка даручыў распрацаваць стратэгію развіцця прадпрыемства

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць стратэгію развіцця «Гомсельмаша». Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў у час наведвання вытворчага цэха «Навасёлкі» птушкафабрыкі прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».

«Што датычыцца «Гомсельмаша», даручэнне Турчыну (першы намеснік прэм’ер-міністра. — Заўвага БЕЛТА) — падключайце ўрад і неадкладна разбірайцеся. «Гомсельмаш» заўсёды быў, ёсць і будзе ў краіне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта 20-25 гадоў таму мяне запэўнівалі, нам не патрэбны камбайны, нічога не патрэбна і «Гомсельмаш» трэба прадаць. Сёння мы бачым, што гэта добрая школа. Спадзяюся, сёння ўбачым новы камбайн, створаны літаральна за год ці два. Гэта добрая група вучоных, канструктараў. Ні ў якім разе нельга загубіць гэту школу. І тэхніка гэта патрэбна. Але трэба варушыцца».

Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства як мага хутчэй трэба выводзіць на рэнтабельную работу. «Збірайцеся і думайце, але каб у будучым годзе мы перасталі гаварыць пра «Гомсельмаш» у адмоўным плане», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, прадпрыемства праходзіць фінансавы аўдыт, паступова разгружаюцца яго склады. Цяпер разглядаюцца розныя канцэпцыі развіцця «Гомсельмаша». «Нам трэба будзе потым з вамі абмеркаваць стратэгію развіцця», — дадаў ён.

«Няма пытанняў, давайце абмяркуем, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але я вам гаварыў, што на гэтым прадпрыемстве трэба прыводзіць да ўлады моладзь».

Аб перспектывах работы прадпрыемства размова ішла і ў час наведвання гаспадаркі «Вясёлка-Агра», дзе Прэзідэнта сустрэў генеральны дырэктар «Гомсельмаша» Аляксандр Новікаў. «Я так разумею, разгубленасці няма на заводзе?» — спытаў у яго кіраўнік дзяржавы.

«Разгубленасці няма, калектыў гатовы працаваць. Адзіная цяпер праблема — гэта абаротныя сродкі», — прызнаўся кіраўнік «Гомсельмаша».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падарункаў прадпрыемству ніхто рабіць не будзе, аднак некаторую дапамогу аказаць могуць. «Калі заўтра прадаеш сто камбайнаў і нешта вяртаеш банку або ў бюджэт, вядома, грошы пазычым. «Гомсельмаш» ніхто не загубіць, — запэўніў ён. — «Гомсельмаш», МАЗ, БелАЗ, «Амкадор» і іншыя, хоць і прыватныя прадпрыемствы, — гэта ўсё беларускае, яны павінны даваць вынік. Заводы гэтыя будуць заханы».

На полі гаспадаркі Прэзідэнт азнаёміўся з уборачнай і новымі збожжаўборачнымі камбайнамі «Гомсельмаша» на газаматорным паліве, гусенічным і паўгусенічным ходзе. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з механізатарамі, пацікавіўшыся ў іх асаблівасцямі тэхнікі, яе плюсамі і мінусамі. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што па сваіх тэхнічных характарыстыках і магутнасці збожжаўборачная машына на газаматорным паліве нічым не ўступае сваім звычайным аналагам такога ж экалагічнага класа, аднак даражэйшая прыкладна на 30 працэнтаў.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці можна патанніць вытворчасць, яму адказалі, што прадпрыемства працуе над гэтым. Акрамя таго, калі камбайн пойдзе ў серыйную вытворчасць, цана яго адназначна знізіцца.

Камбайн-навінку Аляксандру Лукашэнку прадставілі яшчэ ў жніўні мінулага года, калі Прэзідэнт наведваў «Гомсельмаш». Гэта тэхніка крыху даражэйшая ў параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дазваляе значна эканоміць на кошце паліва. У сярэднім гэта каля паловы затрат па гэтым расходным артыкуле. Распрацоўшчыкі лічаць, што новы камбайн можа быць шырока запатрабаваны на расійскім рынку. Акрамя таго, ён больш экалагічны.

Тады Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперыменту ў адной з гаспадарак.

Лукашэнка запатрабаваў узяць пад строгі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы

«Яшчэ раз паўтараю для ўрада і на будучае: за падзеж жывёлы сядзеце ў турму. 85 тыс., па-мойму, у мінулым годзе. Вы ўяўляеце, колькі гэта было б мяса», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнай пракуратуры прадаўжаць сур’ёзна займацца гэтым пытаннем. «Гэта недапушчальна, то кармы дрэнныя, то тое, то гэта — бесталковасць! Звярніце на гэта ўвагу. Я пакуль яшчэ па-добраму з вамі размаўляю», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці і Веткаўскага раёна.

У Гомельскай вобласці выконваюцца 5 з сямі асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Крыху адстае ад прагнозу аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту — 100,5 працэнта за першае паўгоддзе пры заданні 101,5 працэнта. Негатыўны ўклад унесла сітуацыя з пастаўкамі забруджанай нафты і ўзнікшыя праблемы на беларускім участку нафтаправода «Дружба». Але да канца года кіраўніцтва вобласці разлічвае актывізаваць работу і выканаць прагноз. Важную ролю ў гэтым адыграе паляпшэнне паказчыкаў работы «Гомсельмаша».

Што датычыцца сітуацыі ў Веткаўскім раёне, была адзначана наяўнасць праблем з сельскагаспадарчай вытворчасцю, аб’ёмы якой не дасягаюць узроўню мінулага года. Адной з прычын кіраўніцтва раёна лічыць падзеж жывёлы. Аднак Прэзідэнт упэўнены, што праблема комплексная і падзеж жывёлы — гэта вынік, а не прычына. Вырашаць яе трэба праз строгае выкананне тэхналогій, своечасовую нарыхтоўку кармоў. «Калі ты не можаш накарміць парася, цяля, не трэба іх разводзіць. Калі не можаш накарміць, аддай тым, у каго ёсць корм. Навошта губіць жывёлу?» — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна». Яно з’яўляецца адной з валаўтваральных гаспадарак у вобласці па гадоўлі птушкі, займаецца вырошчваннем збожжа і рапсу і працуе па прынцыпе завершанага цыкла. Аляксандр Лукашэнка наведаў адну з вытворчых пляцовак у Веткаўскім раёне. Прадпрыемства мае яшчэ дзве пляцоўкі, асноўная з якіх размешчана ў Буда-Кашалёўскім раёне. За студзень-май 2019 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br55,2 млн, чысты прыбытак — Br11,5 млн. На прадпрыемстве занята амаль 2,3 тыс. работнікаў, сярэднямесячная зарплата дасягае амаль Br710. Паспяховаму развіццю даччынага прадпрыемства ў значнай меры садзейнічае прыналежнасць да «Беларуснафты». Яно з’яўляецца паўнапраўным членам вытворчай каманды. У планах на бліжэйшы час будаўніцтва новага цэха паглыбленай перапрацоўкі мяса і развіццё сеткі збыту.

«Прыязджайце часцей, мы вас цэнім» — як жыхары Веткі сустракалі Лукашэнку ў сваім горадзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Веткаўскі раён, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сустрэўся з жыхарамі раённага цэнтра.

Каля гарадскога басейна Веткі, які ў ліку іншых аб’ектаў таксама наведваў кіраўнік дзяржавы, Аляксандра Лукашэнку чакалі мясцовыя жыхары. Хацелі не столькі задаць пытанні або расказаць аб праблемах, колькі прывітаць Прэзідэнта, падзякаваць яму за прыезд і ўсё тое, што робіцца ў горадзе для камфортнага жыцця людзей.

«Мы вас любім, цэнім, паважаем, Аляксандр Рыгоравіч! Прыязджайце да нас часцей!» — чуліся галасы ў групе людзей, якія акружылі Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў прысутных і падзякаваў за падтрымку. «Я вам удзячны за тое, што вы мяне заўсёды падтрымлівалі, тут, у Гомелі мяне заўсёды падтрымлівалі нават больш, чым дзе-небудзь», — сказаў ён.

«Вы яго (Веткаўскі раён. — Заўвага БЕЛТА) захавалі і выратавалі, гэта абсалютна так, — сказаў Прэзідэнт у адказ на рэпліку аб заслузе карэнных жыхароў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС не пакінулі родныя мясціны. — Не мне трэба дзякаваць, а гэта я вам заўсёды дзякую, што вы некалі паверылі (і засталіся жыць у гэтым раёне. — Заўвага БЕЛТА)». І гэта нягледзячы на заклікі бегчы з забруджаных тэрыторый, якія часта гучалі ў канцы 80-х гадоў. «Ветка — гэта адна з найпрыгажэйшых мясцін. Але людзей тады запалохалі, зашугалі, — прадоўжыў Прэзідэнт. — А мы і праз доўгі час аб радыяцыі не ўсё ведаем. Калі мы цяпер параўналі захваральнасць у Гомельскай вобласці і ў Еўропе, паўночнай Еўропе, мы ўбачылі, што мы ад іх не адрозніваемся. Дык у чым праблема? А ніхто пакуль не ведае. У тэме вывучэння ўплыву радыяцыі Беларусь цесна супрацоўнічае з Японіяй, якая таксама пацярпела ад аварыі на Фукусіме.

«А мы прыехалі сюды ў водпуск з Казахстана», — гаворыць маладая жанчына ў першым радзе. Як і многія іншыя, яна здымае сустрэчы з беларускім лідарам на тэлефон. «Вось бачыце, да вас ужо з вялікага, чыстага Казахстана ў водпуск прыязджаюць!» — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння мы бачым, што тут жыць можна і трэба, як бы ні было цяжка, цяпер усюды нялёгка. Там вам лягчэй не будзе, гэта чужое», — упэўнены Прэзідэнт.

На памяць аб прыездзе кіраўніка дзяржавы ў жыхароў Веткі застануцца асабістыя фота- і відэазапісы на тэлефонах (многія здымалі на смартфоны амаль усю размову), а юныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак традыцыйны горкі шакалад без цукру «Прэзідэнт».

«Чаму не пыталіся аб праблемах, не скардзіліся?» — пацікавіліся журналісты ў мужчыны, які прымаў актыўны ўдзел у размове. «А на што мы можам скардзіцца, калі ўсё добра? Пенсія, зарплата своечасова, у магазінах усё ёсць. Людзі на дачах працуюць», — тлумачыць Аляксандр, пенсіянер, карэнны жыхар Веткі. — Хто хоча працаваць, той працуе, атрымлівае грошы і асалоду ад жыцця».

«Эмоцыі зашкальваюць. Гэта першы чалавек у рэспубліцы. Настолькі прыемна, колькі ён робіць для народа, для кожнага: маленькага, дарослага, для пажылых людзей, — расказала работніца мясцовага лясгаса Тамара Убажэнка. — У нас Ветка, здавалася б, — такі маленькі гарадок, а як цудоўна. Толькі развівайся і жыві».

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *