Тэма тыдня: VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Тема недели

VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у Санкт-Пецярбургу 16-18 ліпеня. На секцыях форуму разгледжаны   пытанні фарміравання агульнай адукацыйнай, інфармацыйнай прасторы, культурна-гуманітарныя праекты, супрацоўніцтва рэгіёнаў і іншыя пытанні. На экспертнай сесіі абмеркавана стратэгічнае развіццё Саюзнай дзяржавы. На форуме падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі дзвюх краін, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб супрацоўніцтве.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні 18 ліпеня. Яно прысвечана міжрэгіянальным сувязям як аснове фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы дзвюх дзяржаў.

Лукашэнка прапануе да 20-годдзя саюзнага дагавора зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі

Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

«У снежні 20 гадоў нашаму саюзнаму дагавору. Ні адной праблемы, я так мяркую, мы не павінны вынесці за межы гэтага тэрміну. Гэта нас падганяе. Што мы будзем гаварыць у 20-годдзе? Няма чаго будзе сказаць, калі мы не знімем усе пытанні, якія ёсць, і не падпішам праграму, якая вызначыць стратэгію нашых сумесных дзеянняў. Таму я прапаную зняць усе пытанні да гэтай даты. І ў рамках Вышэйшага дзяржсавета, або як мы дамовімся, усё гэта зацвердзіць. І праграму, якая вызначыць стратэгію нашых дзеянняў, і зняць бягучыя праблемы», — сказаў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў неабходнасць прадоўжыць дыскусіі, пачатыя яшчэ напярэдадні на нефармальнай сустрэчы, а таксама абмеркаваць пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. «Усё гэта вельмі важна, цікава, перспектыўна і карысна. У нас працуе ўрадавая камісія, якая, спадзяюся, сёння нам даложыць аб выніках работы па далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы. У гэтым годзе ў нас юбілей у снежні. Таму мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зроблена ў рамках саюзнага дагавора, што не зроблена, па якіх прычынах. І выпрацаваць прымальныя для нашых краін шляхі далейшага развіцця інтэграцыі», — сказаў расійскі лідар.

Ён асабліва падкрэсліў, што Беларусь, безумоўна, з’яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам і саюзнікам Расіі.

«Мы працуем па ўсіх напрамках. І ў сферы бяспекі, і ваеннай справы, у абаронцы, у эканоміцы. У нас расце тавараабарот, што не можа не радаваць. Расія — буйнейшы інвестар у эканоміку Беларусі», — дадаў Уладзімір Пуцін.

«Але ёсць і пытанні, якія заўсёды ў рамках такой вялікай сумеснай работы ўзнікаюць. Спадзяюся, што і сённяшняя сустрэча пойдзе на карысць для таго, каб рухацца далей», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ адзначыў супадзенне поглядаў з расійскім лідарам. Ён дадаў: «Мы часам зацягваем вырашэнне нейкіх пытанняў (па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах) і прыйшлі да такога моманту, калі трэба ўжо не проста гаварыць, а прымаць рашэнне. Ад нас гэтага ўжо чакаюць не толькі журналісты, спецыялісты, але і звычайныя людзі. Гэта праўда. Таму момант характарызуецца тым, што трэба прымаць рашэнне».

«Што датычыцца нас з Уладзімірам Уладзіміравічам, прэзідэнты свой шлях прайшлі. Мы не раз сустракаліся — і ў Сочы, і ў Маскве, і ў іншых месцах. І нас нават падкрытыкоўвалі за тое, што мы часта сустракаемся і нібыта не вырашаем. Мы ўсё вырашылі — тое, што намячалі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы вызначылі нават канкрэтныя дзеянні. Як сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, стварылі сумесную групу на ўзроўні ўрадаў. Цяпер працуюць урады. Гэта значыць, прэзідэнты выканалі сваю місію, адыгралі сваю ролю, вызначылі ўсё, што ад нас патрабуецца», — падкрэсліў ён.

«Мы маем сёння праграму. Гэта больш-менш стратэгічны дакумент. І мы сёння маем вялікі аб’ём, можна сказаць па-народнаму, кучу бягучых праблем. Група і ўрады гэтыя праблемы бачаць. І праграму выпрацавалі, якая, паводле ўрадавых ацэнак, на 80-90 працэнтаў узгоднена», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не хачу, каб потым нехта з журналістаў або спецыялістаў нас крытыкаваў, што беларусы, Лукашэнка зноў патрабуюць вырашэння канкрэтных пытанняў. Канкрэтныя пытанні ляжаць на паверхні. Калі іх не вырашыць, гаварыць аб стратэгіі проста будзе смешна. Таму я падтрымліваю прапанову нашых урадаў аб тым, што мы павінны адначасова вырашыць усе праблемы да 20-годдзя нашага саюзнага дагавора — да 8 снежня. Часу дастаткова», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.Ён таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за паездку па святых мясцінах напярэдадні ў час нефармальнай сустрэчы. «Гэта не проста была нейкая азнаямленчая экскурсія. Нашы вытокі там. Нашы карані там — нашай веры, моцных, сапраўдных людзей. Не думаю, што Прэзідэнт Расіі кагосьці вось так вадзіў за руку і паказваў, ведаючы дакладна гэтыя ўсе мясціны. Я вельмі цаню, што вы ўчора мяне так правялі і паказалі ўсё гэта. Думка ў мяне была аб тым, як нам — беларусам — прадоўжыць гэты шлях на Валааме і ў іншых нашых манастырах. Тым больш беларусаў мы там шмат сустракалі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін папярэднічала іх удзелу ў пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Лукашэнка заявіў аб прынцыповых дамоўленасцях з Пуціным па інтэграцыйнай тэматыцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, заявіў аб наяўнасці прынцыповых дамоўленасцей з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным па інтэграцыйнай тэматыцы.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў снежні бягучага года краіны адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «За мінулы час для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян нашых краін зроблена нямала. Сёння ўрадавыя групы актыўна працуюць над паглыбленнем інтэграцыі і прыярытэтамі сумеснага развіцця. У нас з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным) ёсць прынцыповыя дамоўленасці ў гэтым плане», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, ёсць шэраг канкрэтных істотных пытанняў, якія закранаюць інтарэсы суб’ектаў гаспадарання і грамадзян Беларусі і Расіі. «Вырашыць іх неабходна ў бліжэйшы час», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Расія і Беларусь будуюць адносіны з улікам інтарэсаў адзін аднаго — Пуцін

Расія і Беларусь будуюць адносіны на прынцыпах добрасуседства і з улікам інтарэсаў адзін аднаго. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у час пленарнага пасяджэння VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

«Беларусь для нас — бліжэйшы саюзнік і стратэгічны партнёр, адносіны з якім будуюцца на прынцыпах добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. — Нашы краіны ўмацоўваюць палітычнае і эканамічнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, 20-годдзе якой адзначаецца ў бягучым годзе, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза, фарміравання адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Цесна супрацоўнічаюць у іншых рэгіянальных арганізацыях, уключаючы АДКБ».

Прэзідэнт адзначыў, што ў мінулым годзе беларуска-расійскі тавараабарот вырас амаль на 10 працэнтаў і дасягнуў $35,5 млрд. «Пры гэтым наша краіна стабільна ўтрымлівае першае месца па памеры назапашаных прамых капіталаўкладанняў у беларускую эканоміку — амаль $4 млрд. Паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі заключана больш за 350 пагадненняў, накіраваных на паглыбленне кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фармацэўтыцы, транспартнай сферы», — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін падрабязна спыніўся на супрацоўніцтве Беларусі і Расіі па фарміраванні адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы. Ён звярнуў увагу, што народы дзвюх краін звязваюць агульная гісторыя, трывалыя культурныя і духоўныя сувязі.

«Мы ганарымся агульнымі поспехамі і дасягненнямі ў самых розных галінах і помнім пра цяжкія выпрабаванні, з якімі нам давялося сутыкнуцца ў мінулым і з якіх мы з гонарам выйшлі», — заявіў ён.

Лукашэнка: беларусы і расіяне прайшлі праз многія выпрабаванні і разам з гонарам іх вытрымалі

Сувязі на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Расіі складваліся дзесяцігоддзямі і шмат у чым вызначаны агульнасцю гісторыі і чалавечых лёсаў.

«Беларусы і расіяне прайшлі праз многія выпрабаванні і разам з гонарам іх вытрымалі!» — падкрэсліў беларускі лідар.

«Нам няма чаго саромецца за сваю гісторыю. Мы яе павінны свята аберагаць. Таму што гэта наш найвялікшы здабытак. Калі нас на Захадзе крытыкуюць, раней больш, цяпер крыху менш (гэта не таму, што ў іх сумлення больш з’явілася), я ім гавару: вы яшчэ з намі не разлічыліся за тую апошнюю вайну, якая спароджана была вамі на нашай тэрыторыі, а мы яшчэ ад той цяжкай вайны за сем дзесяцігоддзяў не аднавіліся; таму акуратней з правамі чалавека, дэмакратыяй і іншай крытыкай, якую мы чуем часам неабгрунтавана ў наш адрас», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Тут, на гераічнай ленінградскай зямлі, яшчэ раз хачу сказаць: для нас, беларусаў, памяць аб той вайне свяшчэнная, — падкрэсліў беларускі лідар. — У гэтым годзе мы падышлі да чарговага гістарычнага рубяжа — 75-годдзя зняцця блакады Ленінграда і вызвалення Беларусі. А наступны год нас аб’яднае ў святкаванні  свяшчэннай і блізкай для кожнага савецкага чалавека даты — 75-годдзя Вялікай Перамогі».

Аляксандр Лукашэнка назваў гэтыя гістарычныя вехі важнымі для яднання беларусаў і расіян, умацавання ідэалагічных асноў Саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка прапанаваў падумаць аб сумесных з Расіяй заяўках на правядзенне вялікіх спартыўных форумаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе падумаць над магчымасцю падачы сумесных з Расіяй заявак на правядзенне вялікіх міжнародных спартыўных форумаў. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці адзначыў, што краіны прымалі ўжо на высокім узроўні самыя маштабныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. У іх ліку паспяхова праведзены Расіяй чэмпіянат свету па футболе 2018 года і II Еўрапейскія гульні 2019 года‚ якія нядаўна прайшлі ў Беларусі.

«Магчыма, нам трэба падумаць аб правядзенні такіх спаборніцтваў у рамках адзінай заяўкі Беларусі і Расіі з фінансаваннем за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы. Гэта дасць магчымасць стымуляваць развіццё турыстычнай галіны ў нашых краінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка і Пуцін выпрацавалі новыя ініцыятывы па паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час перагавораў у Санкт-Пецярбургу выпрацавалі новыя ініцыятывы па паглыбленні інтэграцыі паміж краінамі. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой.

«Прэзідэнты абмяняліся прынцыповымі меркаваннямі, унеслі некаторыя новыя ініцыятывы і даручылі ўрадам у бліжэйшы час іх адпрацаваць», — расказаў Дзмітрый Крутой. Пакуль пазіцыі бакоў узгоднены на 80 працэнтаў, але астатняя частка пытанняў мае прынцыповы характар.

Паводле слоў міністра, да пачатку снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе Саюзнай дзяржавы, даручана распрацаваць праграму паглыблення інтэграцыі і дарожную карту па яе выкананні. Акрамя таго, пастаўлена задача дасягнуць прынцыповых пагадненняў для вырашэння бягучых пытанняў, у першую чаргу па цане на газ.

Па выніках VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе заключана кантрактаў на суму не менш як $550 млн

Па выніках VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу будзе заключана кантрактаў на суму не менш як $550 млн. Аб гэтым паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Камерцыйных кантрактаў будзе заключана на суму не менш, чым $550 млн. Гэта сапраўды сур’ёзны ўклад», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, у час форуму падпісана 84 пагадненні аб супрацоўніцтве, у тым ліку ў гуманітарнай сферы.

Беларускі бок, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, задаволены вынікамі. «Мы сапраўды набылі даволі шмат», — дадаў старшыня Савета Рэспублікі.

БелТА

 



Добавить комментарий