У Беларусі прапануюць забараніць бясплатныя поліэтыленавыя пакеты ў магазінах

Грамадства

ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» прапануе забараніць бясплатныя поліэтыленавыя пакеты ў магазінах і абмежаваць выкарыстанне аднаразовага посуду ў грамадскім харчаванні.

Аб гэтым паведаміла дырэктар прадпрыемства Наталля Грынцэвіч на сустрэчы па пытаннях распрацоўкі тэхналогій і арганізацыі вытворчасці біяраскладаемай упакоўкі з расліннай сыравіны, якая праходзіла з удзелам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Сяргей Румас

«Дырэктывай нумар 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» прадугледжана прыняцце мер па паэтапным зніжэнні выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з замяшчэннем яе на больш экалагічна бяспечную, у тым ліку са шкла і паперы. Мы прапануем меры для гандлю і грамадскага харчавання па абмежаванні спажывання аднаразовых вырабаў — пакетаў і посуду», — сказала Наталля Грынцэвіч.

У прыватнасці, прапануецца абавязаць гандаль рэкамендаваць пакупнікам шматразовыя сумкі замест прадаваемых на касе пакетаў, устанавіць забарону бясплатнай раздачы ў рознічным гандлі поліэтыленавых пакетаў.

«Цяпер гэтыя пакеты тэарэтычна бясплатныя, яны ўключаны ў гандлёвую надбаўку. Калі чалавек убачыць цану на пакет, ён задумаецца, ці варта яго набываць», — заўважыла Наталля Грынцэвіч.

Наталля Грынцэвіч

Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі выкарыстоўваецца да 4 млрд поліэтыленавых пакетаў у год.

Асобныя групы тавараў хочуць упакоўваць у бясплатную абгортачную паперу.

«Мы памятаем час, калі гэта было. Цяпер у нас з’яўляюцца магазіны, якія яе выкарыстоўваюць, і людзям гэта падабаецца», — сказала дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Прапануецца таксама ўстанвіць забарону на прымяненне аднаразовага посуду ў месцах грамадскага харчавання пры наяўнасці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, забяспечыць абавязковую арганізацыю раздзельнага збору адходаў, якія адносяцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў (перш за ўсё гэта датычыцца палімерных адходаў і шкляной тары).

Паводле слоў Наталлі Грынцэвіч, у сусветным маштабе перапрацоўваецца толькі каля 14 працэнтаў вырабленай пластыкавай упакоўкі.

Вялікія аб’ёмы пластыкавых адходаў утвараюцца перш за ўсё з-за кароткага тэрміну службы такіх вырабаў — гэта аднаразовы посуд, поліэтыленавыя пакеты, тара і ўпакоўка спажывецкіх тавараў. Каля 40 працэнтаў гэтых вырабаў маюць тэрмін службы меншы за адзін месяц, гэта значыць яны амаль адразу становяцца адходамі і трапляюць у смецце.

Адна з ініцыятыў — устанавіць гранічныя суадносіны вагі ўпакоўкі і вагі тавару.

«Мы цяпер разумеем, што часам купляем не тавар, а ўпакоўку, якая становіцца смеццем», — пракаменціравала дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Праблемай спецыялісты лічаць і тое, што ў Беларусі адсутнічае паняцце біяраскладаемай упакоўкі.

«Трэба замацаваць патрабаванні па выпрабаванні такіх матэрыялаў, каб мы разумелі, у якіх умовах яны могуць раскладацца, замацаваць патрабаванні па ідэнтыфікацыі гэтай упакоўкі, каб яна была зразумелай і людзі маглі яе адзначаць. Прапануем таксама ўвесці забарону на выкарыстанне для ўпакоўкі так званых окса-біяраскладаемых матэрыялаў, якія нясуць рызыку забруджвання прыроды мікрапластыкам», — растлумачыла Наталля Грынцэвіч.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў назваў гэтыя прапановы радыкальнымі, але растлумачыў, што іх прапануецца ўводзіць паэтапна.

«Нешта трэба ўкараняць у 2019 годзе, нешта — у 2021-м, а нешта — у 2025 годзе, калі будзе развіта ўся гэта сістэма. Мы сфармулявалі нашы прапановы, далей гатовы абмяркоўваць этапнасць іх рэалізацыі», — растлумачыў ён.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *