У «Белэнерга» растлумачылі, як скарыстацца новай дыферэнцыяцыяй тарыфаў на электраэнергію

Грамадства

У «Белэнерга» растлумачылі, як можна скарыстацца дадатковай трохзоннай дыферэнцыяцыяй тарыфаў на электраэнергію, што спажываецца насельніцтвам для бытавых мэт.

Для пераходу на разлікі па тарыфах, дыферэнцыраваных па часавых перыядах, абаненту трэба звярнуцца ў энергазабеспячальную арганізацыю і напісаць заяву.

Акрамя таго, для такіх разлікаў неабходна шматтарыфны электронны прыбор уліку электраэнергіі.

«Увядзенне дадатковай дыферэнцыяцыі накіравана на згладжванне вячэрняга максімуму нагрузкі энергасістэмы і стымуляванне насельніцтва да пераносу электраспажывання ў начны час сутак. У выніку насельніцтва мае магчымасць выбраць для разлікаў за спажытую электраэнергію зручны тарыфны план і знізіць плацяжы за электраэнергію», — адзначылі ў «Белэнерга».

Для жылых дамоў (кватэр), абсталяваных электраплітамі, на перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) дзейнічае тарыф 0,0890 рубля за 1 кВт.гадз, у час максімальных нагрузак (з 17.00 да 23.00) — 0,2671 рубля за 1 кВт.гадз, у астатні час сутак (з 6.00 да 17.00) — 0,1039 рубля за 1 кВт.гадз.

Для жылых дамоў (кватэр), не абсталяваных электраплітамі, на перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) зацверджаны тарыф 0,1048 рубля за 1 кВт.гадз, на перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 23.00) — 0,3143 рубля за 1 кВт.гадз, у астатні час сутак (з 6.00 да 17.00) — 0,1222 рубля за 1 кВт.гадз. Пры гэтым у выхадныя і святочныя дні прымяняюцца тарыфы, устаноўленыя на перыяд мінімальных нагрузак.

Як раней растлумачылі ў Савеце Міністраў, прымяненне дыферэнцыяцыі з выкарыстаннем трохставачнага тарыфу дасць магчымасць знізіць памер плацяжоў за электраэнергію на велічыню да 11 працэнтаў.

Больш падрабязна пра тарыфы для фізічных асоб можна даведацца ў спецыяльным раздзеле сайта  «Белэнерга».

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *