Ураджай-2019: у аб’ектыве – ААТ “Камарынскі”

Сельское хозяйство

У аўторак, 16 ліпеня, супрацоўнікі газеты “Маяк Палесся” пастараліся пабываць на ўсіх участках, дзе вяліся сельскагаспадарчыя работы.

Толькі такім чынам можна было зразумець, як няпроста дырэкцыі і спецыялістам “Камарынскага” дакладна арганізаваць вытворчы працэс пры недахопе механізатараў, ацаніць маштабы работы, якую выконваюць людзі. Яны не скардзіліся на надвор’е, якое перакрэсліла іх планы на атрыманне добрага ўраджаю, на вялікую аддаленасць палёў, недахоп сучаснай тэхнікі. Проста сумленна і якасна выконвалі сваю работу. Патрэбную і неадкладную, жыццёва важную.

Адна з такіх – нарыхтоўка кармоў. Падгарэлі зерневыя, не наліўся колас. Не набралася моцы кукуруза, якая звычайна выручала ў неспрыяльныя для хлебаробаў гады. Ды і на другі ўкос траў можна не разлічваць. Але, як заўважыў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Петруненка, сітуацыя не крытычная. Рукі апускаць не патрэбна.

Кармы яны назапашваюць з таго, што ёсць: здрабняюць салому, якой сёлета хапае, і разам з травой запаўняюць ёмістасці, дадаючы ў гэтую масу соль і муку. Ужо закладзены траншэі ў Кіраве, Гдзені, Галках, Пірках, дзве – у Асарэвічах. Дойдзе чарга і да тых, што ў Пірках, потым зноў пяройдуць у Кірава, адсюль – у Верхнія Жары і Карлаўку, дзе ёсць сянажныя ямы. Зімой жывёла галадаць не будзе. Памятаю, у мінулыя гады камарынцы прадавалі кармы тым, хто не паспеў іх назапасіць або “нагнаў” кармавых адзінак на паперы. Сітуацыя можа паўтарыцца.

Дзяніс Лінічэнка
Мікалай Петрусевіч

У Кірава прыехалі, калі завяршалася закладка. Масу, якой даверху запоўнілі ёмістасць, дбайна ўтрамбоўваюць кругласутачна. Работу днём выконвае Іван Ліхашапка, а ў начны час – Сяргей Кібенка. Паступае яна безупынна, аб гэтым клапоцяцца Сяргей Пархамец (малодшы), Андрэй Петруненка, Дзяніс Лінічэнка, Мікалай Петрусевіч і Уладзімір Петруненка.

Уладзіміру Блудчаму, Валянціну Бельчанку і Аляксею Тамілку патрэбна да 6 гадзін нарыхтаваць і прывезці на ферму зялёную масу. З пастаўленай задачай спраўляюцца.

Па дарозе з Кірава едзем у напрамку лесу, дзе Сяргей Пархамец на КВК-800 здрабняе жытнюю салому, якую даставяць да месца трамбоўкі. У гаспадарцы працуе яго бацька, і таксама на трактары.

Сяргей Пархамец

Каб знайсці поле, дзе Генадзь Чарнічэнка праводзіць ворыва, давялося праехаць па бездарожжы. Пасля гэтага ён раздыскуе яго і засее шматгадовымі травамі. Яны і раней тут раслі, але ж настаў час участак плошчай 25 гектараў перазалужыць. Абаротны плуг акуратна пераварочвае здзірванелую глебу, сваю справу Генадзь Леанідавіч ведае добра. На энерганасычаным трактары, які яму даверылі, працуе восем гадоў. У час раённага семінара, прымеркаванага да пачатку пасяўной, праклаў сёлета першую баразну.

Генадзь Чарнічэнка

Уборку збожжавых каля вёскі Бярозкі вялі тры камбайны, за штурваламі якіх знаходзіліся Аляксандр Бельчанка, Іван Давідзенка і Аляксандр Мішчанка. На адвозцы зерня заняты Максім Скідан і Міхаіл Яўсеенка. Першае пытанне, якое дырэктар сельгаспрадпрыемства Рыгор Анапрэенка задаў камбайнерам (яны вядуць жніво без памочнікаў), датычылася намалоту.

Аляксандр Мішчанка
Аляксандр Бельчанка
Максім Скідан
Міхаіл Яўсеенка

Ураджайнасць сёлета невысокая, і да таго ж напярэдадні прайшоў дождж, які ўнёс карэктывы ў дзейнасць хлебаробаў. Выехалі на збожжавую ніву недзе ў 12 гадзін, крыху пазней, чым звычайна. Але ж без лішніх напамінаў людзі ведаюць, што ўбраць вырашчанае патрэбна як мага хутчэй, даражаць кожнай хвілінай. Заўважылі з усмешкай, што нават на кароткую размову з намі ў іх няма часу. Салому, якая застаецца ў валках пасля праходу камбайнаў, прасуюць Валерый Калеснікаў, Уладзімір Кут і Мікалай Гануш.

Напружаныя будні зараз і ў тых, каму даводзіцца вазіць сена з Брагіна (у ААТ “Камарынскі” там ёсць участак). Уладзімір Якімовіч, Віталій Гануш, Алег Якімовіч робяць па два рэйсы і пераадольваюць адлегласць у 250 кіламетраў. А калі ўлічыць, што пасля вяртання ў гаспадарку звозяць салому, то і ўсе 320. Галоўны аграном Аляксандр Петруненка, які ўвесь час быў з намі на полі і каля сянажных ёмістасцей, расказаў, што калектыў механізатараў зменшыўся на 15 чалавек. Вялікі дзякуй тым шасці пенсіянерам, якія згадзіліся папрацаваць. За вопытнымі трактарыстамі, а яны тут амаль усе такія, замацаваны па дзве адзінкі тэхнікі. Пра Аляксандра Леўчанку мы раней расказвалі як пра аднаго з тых, хто дабіваўся на сяўбе высокай выпрацоўкі. У гэтыя дні Аляксандр Андрэевіч падварушвае граблямі скошаныя травы, а ў валкі іх кладзе Мікалай Якімовіч.

…Любімы мастацкі фільм Аляксандра Аляксеевіча – “Старшыня” з Міхаілам Ульянавым у галоўнай ролі. У яго герояў галоўны спецыяліст вучыцца жыццёвай мудрасці, цярплівасці і настойлівасці. У рэшце рэшт пад мудрым кіраўніцтвам старшыні сяляне ў цяжкі пасляваенны перыяд з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні. А цяперашнія часовыя цяжкасці, калі ёсць такія цудоўныя працаўнікі, як у “Камарынскім”, можна пераадолець.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *