З 4 ліпеня ўсе аб’екты АПК раёна знаходзяцца пад узмоцненым кантролем міліцыі

Территория закона

Каб папярэдзіць крадзяжы таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і прадухіліць іншыя правапарушэнні ў сельгаспрадпрыемствах раёна падчас уборачнай кампаніі, з 4 ліпеня ўсе аб’екты АПК знаходзяцца пад узмоцненым кантролем міліцыі.

Так, 15 ліпеня ў Малейках супрацоўнікі РАУС спынілі для праверкі легкавы аўтамабіль і знайшлі ў ім 20 кілаграмаў зерня ячменю, якое мясцовы жыхар перавозіў без суправаджальных дакументаў. Падчас жніва такая акалічнасць стала падставай для правя-дзення агляду домаўладання мужчыны. І ў яго гаспадарчай пабудове былі выяўлены яшчэ 45 кілаграмаў зерня. Па прызнанні вадзіцеля, ячмень ён узяў на зернесушыльным комплексе ў Вуглах, сам жа працуе на аўтамашыне ў ААТ “Брагінскі”.

Як расказаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Антон ДУБАВЕЦ, па даным факце пачаты адміністрацыйны працэс. Згодна з артыкулам 10.5 КаАП грамадзяніну пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічынь. Скрадзенае зерне вернута гаспадарцы.

Каб папярэдзіць такія выпадкі, супрацоўнікі міліцыі мэтанакіравана выязджаюць у рэйды. Пачынаючы з 4 ліпеня, праведзена 19 праверак умоў захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Па выяўленых фактах безгаспадарлівасці ў адрас кіраўнікоў ААТ накіраваны чатыры прадстаўленні аб ухіленні ўмоў, якія могуць паспрыяць здзяйсненню злачынстваў. У ліку найбольш распаўсюджаных парушэнняў – адсутнасць асвятлення і агароджы вакол ахоўнай тэрыторыі. Акрамя гэтага, падчас наведвання сельгаспрадпрыемстваў былі зафіксаваны тры выпадкі адсутнасці на месцы працы вартавых, трое чалавек зна-ходзіліся на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення.

Усяго на працягу трох тыдняў супрацоўнікі РАУС выявілі пяць асоб, якія здзейснілі крадзяжы з аб’ектаў АПК. Па словах Антона Фёдаравіча, часцей прысвойваюць малако, муку, зерне, біядызельнае паліва. Між тым, з работнікамі сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна праводзяцца прафілактычныя і інструктыўныя гутаркі аб недапушчэнні і прадухіленні крадзяжоў.

Каб папярэдзіць правапарушэнні, кіраўнікам гаспадарак таксама рэкамендавана ўсталяваць у месцах захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей відэаназіранне ці скарыстацца паслугамі Дэпартамента аховы МУС.

 



Пакінуць адказ