За вытворчымі справамі не забываць пра людзей

Официально

На чарговай апаратнай нарадзе ў панядзелак, 15 ліпеня, старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан разгледзеў шэраг пытанняў, якія датычацца жыццезабеспячэння. Заслухаўшы інфармацыю галоўнага ўрача Брагінскай ЦРБ Ігара Кірэні аб дэмаграфічнай сітуацыі, пацікавіўся, на якім узроўні медыцынскае абслугоўванне жыхароў Камарына і навакольных вёсак, ці хапае ў Камарынскай участковай бальніцы абсталявання, ложка-месцаў для хворых, ці працуе ў выхадныя дні аптэка і якая там насычанасць медпрэпаратамі.

Колькі чалавек знаходзіцца ў аддзяленні для кругласутачнага знаходжання інвалідаў, як там наладжана харчаванне людзей, расказаў дырэктар ТЦСАН Сяргей Пархамец. Дапоўніў яго намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук. Па словах Сяргея Міхайлавіча, на абслугоўванні ў тэрытарыяльным цэнтры знаходзіцца 348 чалавек, за апошні час на ўлік узята 62, а знята каля 30-ці.

Кіраўнік раёна запатрабаваў, каб сельскія жыхары былі забяспечаны на зіму дрывамі і торфабрыкетам у дастатковай колькасці.

Інфармацыя аб кошце паліва, расцэнках на яго дастаўку павінна быць у кожным сельскім Савеце.

Непакоіць Аляксандра Васільевіча і кадравая праблема. Ён даў указанне начальнікам аддзелаў райвыканкама пагутарыць з кожным маладым спецыялістам, які прыбудзе ў раён, прапанаваць кантракт на пяць гадоў, але ж спачатку забяспечыць усіх жыллём.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец расказаў аб рабоце мабільнай групы. Яна пабывала ў ААТ “Пераможнік” і выявіла парушэнні, якія датычаць пажарнай бяспекі.

Як у дыспетчарскай службе КЖУП “Брагінскае” рэгіструюцца тэлефонныя званкі, што паступаюць ад насельніцтва? Гэтае пытанне Аляксандр Васільевіч задаў невыпадкова. У час прамых ліній жыхары скардзяцца, што не ўсе іх заявы фіксуюцца. Таму кіраўнік раёна даў указанне галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы Дзмітрыю Тамко пракантраляваць, як наладжана работа службы, колькі насамрэч рэгіструецца за дзень зваротаў і якія меры прымаюцца для іх вырашэння.

Начальнік РАНС Віктар Марчанка расказаў, што на мінулым тыдні на ліквідацыю ўзгаранняў пажарным давялося выязджаць шэсць разоў. Наглядальныя камісіі працавалі ў штатным рэжыме, наведалі 66 домаўладанняў. Узровень вады ў Дняпры пасля дажджоў падняўся на чатыры сантыметры.

Узбуджана крымінальная справа (крадзёж мукі ў ААТ “Пераможнік”), складзена 12 адміністрыцыйных пратаколаў на асоб, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. 11 ліпеня затрыманы аператар і вартаўнік ААТ “Малажынскі”, а 12-га – слесар “Чамярыскага”, якія былі на працоўных месцах нападпітку. Гэтую інфармацыю агучыў часова выконваючы абавязкі першага намесніка начальніка РАУС Вячаслаў Анісенка.

Найбольш кіраўніка раёна трывожыць стан спраў у сельскай гаспадарцы: жніво ідзе маруднымі тэмпамі, вытворчасць малака знізілася, не ўсе сельгаспрадпрыемствы прыступілі да назапашвання кансерваванага корму. У час уборкі збожжавых дзяжурства спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі сумесна з міліцыяй павінна весціся на палях і зернетаках пастаянна. Аляксандр Кохан пацікавіўся, ці складзены графікі і як яны выконваюцца.

Увод аб’ектаў пасля рэканструкцыі – тэма, якую нельга абысці ўвагай. Да новага навучальнага года, як падкрэсліў Аляксандр Васільевіч, і школы, і спартыўныя пляцоўкі павінны быць гатовы.

На апаратнай нарадзе закранулі таксама пытанні ямачнага рамонту і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Яго лепш праводзіць летам, тым больш што сродкі сельвыканкамам на трэці квартал выдзяляюцца. Неабходна добраўпарадкаваць фантан у Брагіне, аб гэтым кіраўнік раёна нагадаў в.а. начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Тамары Алесянковай.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *