Ад абяцанняў да канкрэтных спраў

Официально

Чарговую апаратную нараду старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан пачаў з аналізу спраў у СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ раёна. Завяршаецца ўборачная кампанія, у некаторых ААТ дажалі апошнія гектары. “Чаму не манеўруеце тэхнікай, не дапамагаеце там, дзе зерневыя яшчэ ў полі?” На гэтае пытанне начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Шэйка паведаміў, што камбайны пойдуць на дапамогу ў бліжэйшы час.

Зніжаюцца паказчыкі па ВЫТВОРЧАСЦІ МАЛАКА. І тлумачэнне гэтаму можа быць толькі адно: невыкананне тэхналогій. Больш патрабавальнымі павінны быць спецыялісты раённага звяна, не пускаць справу на самацёк. Узняў кіраўнік раёна і пытанне ўстаноўкі агароджы вакол ферм, як таго патрабуюць правілы. “Нідзе, акрамя ААТ “Імя Жукава”, да справы, лічы, не прыступалі. Між тым першага верасня заканчваецца час, адведзены для гэтага”, — канстатаваў старшыня райвыканкама. Задача пастаўлена канкрэтная: устаноўку агароджы правесці ў вызначаныя тэрміны.

Аб СУПРАЦЬПАЖАРНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАХ праінфармаваў начальнік РАНС Віктар Марчанка. Ідзе праверка, і выратавальнікі канстатуюць: захоўванне грубых кармоў не ўсюды правільнае. Сенасклады зараслі па перыметру пустазеллем, не абвораны. А гэта недапушчальна.

Віктар Уладзіміравіч агучыў крытычныя заўвагі ў адрас КЖУП “Брагінскае”. Складваецца ўражанне, што не ў поўнай меры тут усведамляюць і сваю адказнасць, і тую небяспеку, якую ўяўляюць адчыненыя для свабоднага доступу і захламленыя падвальныя памяшканні. Аляксандр Кохан даў канкрэтнае даручэнне: правесці сходы з жыхарамі шматпавярховак, растлумачыць рэальную пагрозу, абавязаць прыбраць памяшканні.

Як тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва кантралюе ПАДРЫХТОЎКУ састарэлых, малазабяспечаных ДА ЗІМЫ? Гэта пытанне Аляксандр Кохан задаў дырэктару Сяргею Пархамцу. Па інфармацыі Сяргея Міхайлавіча, з рамонтам печаў і грубак праблем няма, дрывамі і торфабрыкетам яго падапечныя забяспечваюцца.

Як паведаміў выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін, за тыдзень на лінію 102 паступіла 46 паведамленняў. Узбуджана дзевяць крымінальных спраў, у ліку якіх – пяць крадзяжоў. Выяўлены адзін выпадак вырабу самагоннай брагі, сем чалавек затрыманы ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах. Аляксандр Кохан падкрэсліў: намаганні супрацоўнікаў міліцыі павінны быць сканцэнтраваны на барацьбе з крадзяжамі ў аграпрамысловым комплексе. “Несуноў” яшчэ хапае і не грэбуюць яны нічым: ад дызпаліва да кармоў”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

У мінулым годзе праведзены значныя аб’ёмы работ па добраўпарадкаванні, з’явіліся практычна новыя ЗОНЫ АДПАЧЫНКУ ў парках і для дарослых, і для дзяцей. Старшыня райвыканкама выходзіў на абласныя структуры, прыватныя фірмы, робячы ўсё для таго, каб жыхарам райцэнтра было зручна і ўтульна. Зараз жа ў новых альтанках сярод ночы могуць устройвацца напаўцвярозыя гульбішчы. Калі дастукацца да сумлення некаторых грамадзян не ўдаецца – патрэбна прымяняць іншыя меры ўздзеяння. І дружыннікам, і супрацоўнікам РАУС даручана больш пільна кантраляваць месцы адпачынку.

Як сельскае насельніцтва забяспечваецца таварамі, ці задаволены вяскоўцы ГАНДЛЁВЫМ АБСЛУГОЎВАННЕМ, чаго не хапае ў магазінах спажыўкааперацыі? Аб гэтым на наступнай нарадзе павінны праінфармаваць кіраўніка раённай вертыкалі старшыні сельвыканкамаў.

Аб ГАТОЎНАСЦІ ДА НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Васяновіч. Галіна Анатольеўна запэўніла: да 15 жніўня ўсе ўстановы адукацыі будуць гатовы. Галоўны санітарны ўрач раёна Ілля Мялькоў дапоўніў: харчблокі ў належным стане, тэхналагічнае абсталяванне адпавядае патрабаванням, посудам і ўсім неабходным установы забяспечваюцца.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні гатоўнасці да ацяпляльнага сезону, дэмаграфічнай бяспекі, забяспечанасці кадрамі і прыбыцця маладых спецыялістаў, навядзення парадку на зямлі.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *