Аграрыі плануюць завяршыць уборку збожжавых на працягу 10-12 дзён

Главное Сельское хозяйство

Беларускія аграрыі плануюць завяршыць уборку збожжавых на працягу 10-12 дзён. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько ў эфіры тэлеканала СТБ.

«Аграрыі не плануюць расцягваць уборку, — падкрэсліў міністр. — Мы перайшлі ўжо 4-мільённы экватар, убрана 60 працэнтаў плошчы. Задача, што стаіць перад аграрыямі, — сабраць ураджай, які ёсць на палях. Мы разлічваем, што за 10-12 дзён збожжа будзе ўбрана».

Як паведамлялася, у бягучым годзе плануецца пакласці ў засекі 9,5 млн збожжа з улікам каласавых, рапсу, проса, грэчкі, кукурузы на зерне.

Гаворачы аб тым, ці ўдасца аграрыям з часам пераадолець залежнасць ад умоў надвор’я ў зборы ўраджаю, міністр адзначыў, што для гэтага трэба перш за ўсё працаваць з зямлёй.

«Мы павінны максімальна ўносіць арганіку, павышаць у глебе наяўнасць гумусу, — сказаў ён. — Гэта будзе такая засцерагальная рэакцыя зямлі».

Акрамя таго, неабходна правільна складаць севазварот. Напярэдадні асенняй сяўбы Мінсельгасхарч актыўна працуе з вучонымі над карэкціроўкай пасяўных плошчаў. Акцэнт будзе зроблены на павелічэнні азімага палетка. Паводле слоў міністра, менавіта азімыя культуры паказваюць найлепшы вынік. Пры гэтым не варта забываць і пра селекцыйны матэрыял, сродкі аховы, дадаў Анатоль Хацько.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *