Беларускія аграрыі намалацілі больш за 5,5 млн тон збожжа

Сельское хозяйство

Як паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 12 жніўня збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) убраны больш як з 1,7 млн га, што складае 79,8 працэнта ад запланаванага. Сярэдняя ўраджайнасць – 32 ц/га (у 2018 годзе – 27 ц/га).

У лідарах па тэмпах уборкі Брэсцкая вобласць: убрана 98,7 працэнта плошчаў, намалочана звыш 1 млн 183 тыс. т збожжа. Аграрыі Гродзенскай вобласці ўбралі 91,6 працэнта плошчаў, намалаціўшы больш за 1 млн 124 тыс. т збожжа. У тройцы лідараў уборачнай кампаніі Мінская вобласць. Тут план па ўборцы збожжавых і зернебабовых выкананы на 81,9 працэнта, намалот складае 1 млн 413,2 тыс. т.

У гаспадарках Гомельскай вобласці збожжавыя і зернебабовыя ўбраны з 76,8 працэнта плошчаў (намалочана 569 тыс. т збожжа), Магілёўскай – з 74,4 працэнта (609,8 тыс. т збожжа).

У Віцебскай вобласці ўбрана 55,6 працэнта плошчаў. Аграрыі намалацілі 617,8 тыс. т збожжа.

Усяго ў бягучым годзе пад збожжавыя і зернебабовыя культуры (без уліку кукурузы, грэчкі і проса) адведзена 2 млн 162 тыс. га. План паставак збожжа ў кошт дзяржзаказу складае 815 тыс. т. На 12 жніўня заданне выканана на 76,1 працэнта (620 тыс. т).

БелТА



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *