БРСМ прыме ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні парламенцкіх выбараў

Выбары-2019 Грамадства

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прыме ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні парламенцкіх выбараў. Аб гэтым паведаміў першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк.

«Моладзь заўсёды прымала актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях. У цяперашняй кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання маладыя людзі таксама не застануцца безудзельнымі. Плануецца, што саюз моладзі будзе прадстаўлены на кожным выбарчым участку. Прадстаўнікі моладзі ўвойдуць у склад ініцыятыўных груп у падтрымку кандыдатаў, рашэннямі калегіяльных органаў будуць накіраваны кандыдатуры ва ўчастковыя камісіі і ў якасці наглядальнікаў. Мы таксама зробім усё магчымае, каб наша моладзь прыйшла на выбары і прыняла самы непасрэдны ўдзел у такой важнай для краіны палітычнай кампаніі», — сказаў Дзмітрый Варанюк.

Паводле яго слоў, план удзелу моладзі ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў быў зацверджаны ў сакавіку на Пленуме ЦК БРСМ.

«Менавіта з таго часу мы пачалі падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, фарміравалі спісы штабоў. Інакш кажучы гэта работа не аднаго дня. Саюз моладзі сфарміраваў рэспубліканскі, абласныя, Мінскі гарадскі і раённыя штабы па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў», — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі 5 жніўня падпісаў указы нумар 293 і нумар 294 аб назначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *