Цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства азнаёміць з багатай гісторыяй слонімскай зямлі

Важное Грамадства Да Дня беларускага пісьменства

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства 1 верасня азнаёміць з багатай гісторыяй слонімскай зямлі. Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

«Урачыстая цырымонія адкрыцця свята пачнецца ў 12.00. Яна мае назву «Зямля мая беларуская». Гэта будзе мастацка-гістарычнае дзейства, цалкам пабудаванае на яркіх падзеях гісторыі рэгіёна. Вядучымі будуць юнак і дзяўчына, якія ўвасабляюць маладых жыхароў слонімскай зямлі», — расказала Ірына Дрыга.

Паводле яе слоў, дзейства будзе ўяўляць сабой своеасаблівае падарожжа ў часе галоўных герояў, якія акунуцца ў гістарычныя падзеі, што адбываліся на гэтай зямлі. У фінальнай сцэне будзе прадстаўлены сённяшні дзень рэгіёна з шырокай прэзентацыяй яго творчага патэнцыялу. Кульмінацыяй свята стане ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Завершыцца цырымонія адкрыцця выкананнем гімна Дня беларускага пісьменства.

Закрыццё форуму адбудзецца ў 20.00. У прыватнасці, запланавана канцэртная праграма майстроў мастацтваў «Льецца песня па-над Шчарай» і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці.

У канцэртах адкрыцця і закрыцця прымуць удзел як вядучыя калектывы і выканаўцы краіны, так і самадзейныя, аматарскія калектывы Гродзенскай вобласці.

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава. XXVI Дзень беларускага пісьменства прымае Слонім.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *