Да новага навучальнага года падрыхтаваны і надрукаваны 48 школьных выданняў

Грамадства

Аб гэтым паведаміла намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская.

«73 новыя навучальныя выданні запланаваны да выпуску 1 верасня 2019 года. З іх 22 падручнікі знаходзяцца ў стадыі выдавецкіх арыгіналаў, так званых макетных узораў, якія яшчэ будуць праходзіць дадатковую падрыхтоўку, — сказала Людміла Раманоўская. — А 48 выданняў, якія павінны легчы на парты школьнікаў да пачатку навучальнага года, ужо надрукаваны».

З 2015 года вядзецца актыўнае абнаўленне зместу падручнікаў, а таксама паэтапны пераход на абноўленыя навучальныя праграмы. У 2019/2020 навучальным годзе па абноўленых навучальных праграмах і новых дапаможніках будуць навучацца дзевяцікласнікі.

«Да падручнікаў прад’яўляюцца важныя і строгія патрабаванні. Новыя навучальныя дапаможнікі павінны быць маляўніча ілюстраваны, змяшчаць інфармацыю ў розных формах (дыяграмах, схемах, табліцах), а таксама эфектыўна выконваць навігацыйную функцыю — гэта значыць змяшчаць знакі і сімвалы, якія адрасуюць вучня і педагога да іншых кампанентаў навучальна-метадычнага комплексу, у тым ліку і да рэсурсаў, што знаходзяцца ў інтэрнэце. Сёння новыя падручнікі — гэта прадукт партнёрства Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтарскіх калектываў і выдавецтваў Беларусі», — падкрэсліла намеснік дырэктара.

У выдавецтве «Вышэйшая школа» да пачатку навучальнага года выпушчана 17 найменняў тыражом практычна 310 тыс. экзэмпляраў.

«Усяго запланавана 30 найменняў агульным тыражом больш за 500 тыс. экзэмпляраў. Астатнія 13 мы выпусцім да канца года, таму што па іх пачнуць займацца ў другім паўгоддзі», — расказаў дырэктар выдавецтва Аляксандр Нячай.

Ён адзначыў, што пачалі расці тыражы літаратуры па кітайскай мове.

«Калі 2-3 гады таму выдавалі каля 200-300 экзэмпляраў, то цяпер выпускаюцца 600 і больш, што сведчыць аб павелічэнні цікавасці да кітайскай мовы», — растлумачыў дырэктар.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *