Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў святкуе моладзь 1 жніўня

Общество

Аб гэтым паведаміла камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская.

“Дзень Беларускіх студатрадаў традыцыйна адзначаецца 1 жніўня. І хоць ён не значыцца ў календары афіцыйных дзяржаўных святочных дат, для юнакоў і дзяўчат, якія лічаць сябе атраднікамі, гэты дзень мае асаблівае значэнне. Мерапрыемствы Дня БСА пройдуць па ўсёй краіне і прадоўжацца некалькі дзён. У прыватнасці, запланаваны шматлікія спартыўныя спаборніцтвы і эстафеты, турніры па боўлінгу, валейболе і баскетболе. Пройдуць адкрытыя дыялогі, сустрэчы з ветэранамі студатрадаўскага руху “Біяграфія маладосці нашай”, творчыя канцэртныя праграмы”, – расказала Надзея Шахоўская.

З пачатку працоўнага семестра ў складзе студатрадаў працаўладкаваны больш за 11 тыс. маладых людзей. У жніўні стартуе самы маштабны этап гэтай кампаніі – да работы найбольш актыўна падключацца сельгасатрады. Пачалі работу студэнцкія будаўнічыя атрады і на аб’ектах абласных маладзёжных будоўляў.

Беларусь – першая краіна на постсавецкай прасторы, у якой яшчэ ў 2005 годзе на дзяржаўным узроўні студэнцкія атрады атрымалі заканадаўчую падтрымку. Неад’емнымі атрыбутамі руху сталі цырымоніі адкрыцця і закрыцця працоўнага семестра, Дзень ударнай працы, акцыі “Выбіраем студатрад!”, “Іх імёнамі названы студэнцкія атрады” і інш.

Як паказала практыка, часовае працаўладкаванне ў складзе студэнцкіх атрадаў вырашае не толькі матэрыяльныя пытанні, але і павышае сацыяльную актыўнасць маладых людзей.

“Студэнцкія атрады не проста даюць магчымасць юнакам і дзяўчатам зарабіць свае першыя грошы, але і дазваляюць сарыентавацца прафесійна, атрымаць першыя працоўныя навыкі і дадатковую спецыяльнасць. Для многіх хлопцаў і дзяўчат студэнцкі атрад становіцца першай школай дарослага жыцця і працы з непарушнымі каштоўнасцямі і духоўна-маральнымі ідэаламі: ініцыятыўнасцю і самастойнасцю, камандным духам і сапраўдным сяброўствам, перамогамі і перажываннямі, святамі і буднямі”, – дадала Надзея Шахоўская.

БелТА



Пакінуць адказ