Камбайнеры ААТ “Чамярыскі” у дзень намалочваюць ад 50 да 70 тон

Сельское хозяйство

Віктар і Міхаіл Салдаценкі

Так атрымалася, што пачатак уборкі каласавых, як і яго завяршэнне, супрацоўнікі газеты “Маяк Палесся” пабачылі ў ААТ “Чамярыскі”. Праўда, да дажынак экіпажы яшчэ крыху не дацягнулі, на 5 жніўня заставалася ўбраць азімае жыта, але ж у параўнанні з тым шляхам, які пройдзены на хлебным полі, гэта – мізэр. Зерне даўно было б у засеках, калі б не дажджы.

“Вельмі складаная ўборачная выдалася сёлета, – падзяліўся старшы камбайнер Рыгор Сніцарэнка. – Пачыналі жаць, лебяда была малая, можна было жняярку падняць вышэй і зрэзаць калоссе, не закранаючы траву. Пасля дажджоў яна імгненна пайшла ў рост, што не садзейнічае ні тэмпам, ні якасці работы. А маглі абмалаціць зерневыя тыдзень таму і забыцца”.

Чацвёрты сезон за штурвалам камбайна побач з Рыгорам Фёдаравічам – Марыя Фалей. Любоў да тэхнікі перадалася жанчыне ў спадчыну, род іх славіцца ўмельцамі, якім пад сілу любая справа.

Рыгор Сніцарэнка і Марыя Фалей

Тысячнага намалоту дасягнулі родныя браты Міхаіл і Віктар Салдаценкі. Іх тандэм аказаўся самым рэзультатыўным, што заканамерна. Міхаіл праслаўляў Брагіншчыну і “Чамярыскі” на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі” не адзін год. Почырк майстра відаць і зараз.

Усяго збожжавыя ўбіралі восем экіпажаў. Для ўдзельнікаў жніва дырэкцыя стварыла спрыяльныя ўмовы. Акрамя двухразовага харчавання (абеды рыхтуюць у сваёй сталовай у Хракавічах), кожнаму на дзень выдаецца бутэлька мінеральнай вады. Распрацаваны ўмовы спаборніцтва. Як расказалі камбайнеры, у дзень яны намалочваюць ад 50 да 70 тон. Акрамя асноўнай аплаты, удакладніла старшыня прафкама Людміла Какалава, людзі будуць заахвочаны матэрыяльна дадаткова.

Навіна, якой падзяліліся ў гаспадарцы, радуе. Мінулагодні валавы збор зерневых і зернебабовых пераўзыдзены. Летась сабралі 4882 тоны, сёлета на 4 жніўня было ўжо 5180 тон. Гэта не канчатковы вынік. Чамярысцы набліжаюцца да шасцітысячнага намалоту, як і планавалі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *