Купіць ці выправадзіць?

Позиция Валентины Бельченко

На календары – чацвер. У рэдакцыі – газетны дзень. Ці, калі быць больш зразумелым для чытача, дата напярэдадні выхаду чарговага нумару выдання ў свет.

У самым разгары – камп’ютарная вёрстка. Размяшчаюцца апошнія, найбольш свежыя матэрыялы, вычытваюцца палосы, удакладняюцца прыведзеныя даныя, звесткі і факты, уносяцца змены ў тэксты, моўная і стылістычная праўка. Ва ўсім – ад зместу артыкулаў і суправаджэння іх фотаздымкамі да адвядзення ім месца – патрэбна прыйсці да адзінага меркавання. Таму часам узнікаюць спрэчкі, кожны імкнецца абгрунтаваць свой пункт погляду, прыняць да ведама падказку, слушную параду ці крытыку калег. А тут… У цэнтры кабінета з’яўляецца малады чалавек з шырокай усмешкай і… некалькімі бауламі. Пачынаецца гандаль. І адразу ж усе папярэднія пытанні перакрываюцца адным: як спыніць? Як адчапіцца, адкараскацца ад гэтай назойлівай асобы?

Да сваёй мэты – прадаць ён ідзе рашуча і настойліва. Таму спачатку, як і належыць, ветлівае прывітанне, кампліменты, зварот увагі на сябе – красамоўнага, бойкага, вясёлага і абаяльнага. А потым у ход пускаюцца такія ж гучныя словы пра свае тавары для дзяцей, гаспадынь і г.д. – усё змешчана ў гэтых аб’ёмных баулах. Што такому да нашай занятасці і катэгарычных адмаўленняў ад усялякіх пакупак. Настойлівы гандляр нават не бярэ пад увагу агульнае “дзякуй, нічога не патрэбна”, і яго, вядома, не хвалюе чыйсьці творчы працэс. Галоўнае ў такую хвіліну – прыцягнуць як мага больш людзей да таго, з чым ён завітаў ва ўстанову. І нават калі нічога не цікавіць, на тавары прапануецца проста паглядзець, а заадно праслухаць “лекцыю”, наколькі яны зручныя, універсальныя, даступныя па цане – такой нізкай, маўляў, больш нідзе не знойдзеце. Яшчэ, здаецца, некалькі хвілін – і ўсё, што ўтрымліваецца ў вялікіх сумках, будзе раскладзена на сталах. Так што заставалася адно – тактоўна папрасіць маладога чалавека пакінуць памяшканне і не перашкаджаць працы.

Думаю, падобныя “хадакі” па арганізацыях з распаўсюджваннем тых ці іншых тавараў ужо не выклікаюць асаблівага здзіўлення. І, магчыма, для кагосьці  гэта стварае пэўныя зручнасці: здзейсніць пакупку можна, не шукаючы і не заходзячы ў магазін. Але ж, на мой погляд, гандаль павінен ажыццяўляцца ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах: на рынках, у магазінах, ларках і г.д., а не ў працоўных калектывах. Такія візіты работнікаў, настроеных на працу, а не на пакупкі, толькі напружваюць і раздражняюць. І няўжо самі прадаўцы гэтага не прыкмячаюць? Зрэшты… У кожнага – свая мэта.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *