Навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святыняў” адпраўляецца 28 жніўня з Мінска

Важное Общество

Міжнародная навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святыняў” адпраўляецца 28 жніўня ад Свята-Духавага кафедральнага сабора ў Мінску да сталіцы Дня беларускага пісьменства – Слоніма. Аб гэтым паведаміў пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык Анатоль Бутэвіч.

Экспедыцыя – адна з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства.

“Удзельнікі мерапрыемства (свяшчэннікі, пісьменнікі, вучоныя, артысты) пранясуць Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй і Загор’е-Сталовіцкі абраз Пакрова Прасвятой Багародзіцы па населеных пунктах краіны. Старт будзе дадзены 28 жніўня ад Свята-Духавага кафедральнага сабора ў Мінску”, – расказаў Анатоль Бутэвіч.

Канцавым пунктам экспедыцыі стане Слонім – сталіца Дня беларускага пісьменства бягучага года.

Па традыцыі ў час экспедыцыі па населеных пунктах Беларусі з Жыватворным агнём яе ўдзельнікі правядуць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, наведаюць бальніцы, дзіцячыя дамы. Упершыню ў маршрут руху ўключаны Пухавічы.

“Дарэчы, кожны дзень экспедыцыі даволі напружаны. Ён можа пачынацца ў пяць раніцы і заканчвацца ў дзве гадзіны ночы. І, што важна, людзі бяруць агонь на свае свечкі ад лампады, ён распаўсюджваецца па дамах, далучаючы такім чынам усіх да нашай экспедыцыі. Я спадзяюся, што яна будзе жыць і будзе абнаўляць духоўна дарогі Беларусі”, – адзначыў Анатоль Бутэвіч.

Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае беларускае свята. Адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.

БелТА

 



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *