Работа над памылкамі як шлях да дасканаласці

Официально

ПЫТАННІ АПК сталі першачарговымі на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Сніцарэнка праінфармаваў аб выніках работы ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ. Як падкрэсліў Аляксандр Кохан, спад вытворчасці прадукцыі недапушчальны. Між тым, праблемы ў гэтым накірунку яўныя: як маятнік вагаецца вытворчасць малака.

На працягу месяца нарошчваюцца аб’ёмы, а потым, за суткі – недарэчны спад. Прычым адбываецца ён па прычыне яўнага невыканання тэхналогій утрымання ці кармлення. Задача кіраўнікоў гаспадарак – не дапусціць такіх збояў. У кожным ААТ працуе цэлы штат спецыялістаў галоўнага і сярэдняга звяна – дзе іх уплыў на сітуацыю, кантроль за вытворчасцю? На гэтае пытанне адказ адзін – неабходна наладзіць дысцыпліну, каб кожны ўсведамляў адказнасць. Гэта – першачарговая задача кіраўнікоў і першая прыступка той лесвіцы, што вядзе да стабільнай вытворчасці і поспеху.

Аб справах у РАСЛІНАВОДСТВЕ праінфармаваў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі Максім Каўцэвіч. Ураджай у гэтым годзе не надта парадаваў, ды і тое, што вырасла, абмалочваецца маруднымі тэмпамі. А час прыспешвае: аператыўна патрэбна ўбіраць салому з палёў, весці сяўбу азімых, прычым у аптымальныя тэрміны і якасным насеннем. Кантраляваць працэс павінны і спецыялісты ўпраўлення, і насеннай інспекцыі, – падкрэсліў Аляксандр Кохан. І калі ў мінулым годзе недзе былі дапушчаны пралікі – патрэбна на іх вучыцца, удумліва выпраўляць, а не паўтараць – гэта датычыць не толькі АПК, але і ўсіх сфер гаспадарання.

Не менш важнае пытанне – ПАДРЫХТОЎКА ДА АЦЯПЛЯЛЬНАГА СЕЗОНА. Аб ёй расказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Лук’яненка. Усе работы падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння, пытанні вырашаюцца. Асаблівая адказнасць, вядома ж, на КЖУП “Брагінскае”. “Парушэння даведзеных графікаў дапускаць нельга”, – падкрэсліў Аляксандр Кохан, заслухаўшы інфармацыю яго дырэктара Аляксандра Атрошчанкі, а таксама начальніка энерганагляду Дзяніса Шульгі, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіны Васяновіч.

Аб рабоце МАБІЛЬНАЙ ГРУППЫ праінфармаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец. Старшыня райвыканкама даручыў пракантраляваць аб’екты сацыяльнай сферы: тыя ж установы культуры, гандлю, якія часта застаюцца па-за ўвагай.

Начальнік РАНС Віктар Марчанка паведаміў аб рабоце аддзела за тыдзень. У раёне адбыўся няшчасны выпадак – пры распале печы жыхар вёскі Ніжнія Жары атрымаў сур’ёзныя апёкі. Восень усё настойлівей напамінае аб сабе халоднымі начамі і дажджамі, надыходзіць ацяпляльны сезон – захоўвайце правілы бяспекі, беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Тры крымінальныя справы ўзбуджаны за тыдзень, – праінфармаваў выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін. Складзена 18 адміністрацыйных пратаколаў, з іх пяць – за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах і столькі ж – за сямейныя скандалы.

Аб асартыменце ў вясковых МАГАЗІНАХ гаварылі старшыні сельвыканкамаў. У асноўным заўвагі аднолькавыя: слабая насычанасць прамысловымі таварамі (скажам, у аўталаўцы нельга купіць нават электралямпачку), перабоі з завозам тытунёвых вырабаў. Адзначаюцца і факты грубасці і няўважлівых адносін прадаўцоў аўталавак. Як запэўніла намеснік дырэктара Брагінскага філіяла Гомельскага аблспажыўтаварыства Аксана Раманюк, усе недахопы будуць ухілены.

Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да ВЫБАРАЎ у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, расказаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Валянцін Хмелянок.

ПЕРАПІС насельніцтва – таксама пытанне не з другарадных, – нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Раманюк. Ёсць новая форма яго правядзення: можна будзе скарыстацца паслугамі інтэрнет-рэсурсу, пашырылася кола пытанняў, якія будуць задавацца. Нагрузка на задзейнічаных у гэтым працэсе вялікая, і таму кожны з нас павінен аднесціся з разуменнем да гэтай адказнай дзяржаўнай справы.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні будаўніцтва станцый абезжалезвання ў Малажыне і ў Чамярысах, гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, падрыхтоўкі да святкавання 95-годдзя раёна.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *