Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у палітычна стабільных умовах

Важное Выбары-2019

Парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у палітычна стабільных умовах. Аб гэтым сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што перыяд правядзення кампаніі вельмі спрыяльны для выбараў.

Характарызуючы спецыфіку беларускіх выбарчых кампаній у цэлым, параўноўваючы іх з замежнымі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што “ў нас выбары сацыяльныя”. Так, кандыдаты бясплатна атрымліваюць вялікія магчымасці для перадвыбарнай агітацыі – выступленні ў дзяржаўнай прэсе, удзел у тэледэбатах і г.д.

Старшыня ЦВК нагадала, што ў Беларусі няма галасавання па партыйных спісах.

“І таму ў нас немагчыма прыкрыцца папулярным брэндам – кожны павінен нешта сабою ўяўляць”, – падкрэсліла яна.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама дадала, што не бачыць нічога, што незвычайным чынам адрознівала б цяперашнюю выбарчую кампанію ад папярэдніх. Аднак асаблівасці ёсць. Так, плануецца больш шырока выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі.

“У хуткім часе пачне працаваць дадатак да мабільных тэлефонаў, дзе можна будзе вызначыць месцазнаходжанне выбарчага ўчастка і нават нумар выбарчай акругі. Гэта вялікая падмога для зборшчыкаў подпісаў”, – анансавала адно з новаўвядзенняў Лідзія Ярмошына.

У гэтым годзе арганізатары выбараў будуць яшчэ больш працаваць над забеспячэннем правоў асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дадала яна. Так, усім тэлеканалам прапанавана, і яны пагадзіліся, забяспечыць субцітрамі выступленні кандыдатаў. Акрамя таго, на выбарчых участках будуць стварацца спецыяльныя месцы для галасавання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

“Гэта значыць, або будуць стварацца спецыяльныя, больш шырокія кабіны для галасавання, або выдзяляцца месцы з нізкім сталом”, – сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

БелТА



Пакінуць адказ