Заяўкі на ўдзел у нацадборы на дзіцячае «Еўрабачанне-2019» прымаюцца па 15 жніўня

Грамадства

Аб гэтым паведаміла кіраўнік прэс-службы медыяхолдынга Святлана Смалонская-Краскоўская.

«Да заканчэння прыёму заявак на нацыянальны адбор для дзіцячага «Еўрабачання-2019» засталося 2 тыдні. Акрамя заявак, у адрас Белтэлерадыёкампаніі таксама паступаюць звароты і званкі кансультацыйнага і ўдакладняльнага характару ад бацькоў і прадстаўнікоў юных артыстаў. На іх падставе ўжо можна зрабіць выснову, што ў ліку патэнцыяльных удзельнікаў будуць як навічкі, так і «другагоднікі» — хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прымалі ўжо ўдзел у нацадборах», — расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.

У гэтым годзе заяўкі для ўдзелу падаюцца выключна ў электронным выглядзе на сайце медыяхолдынга. Такая форма прадастаўлення кампазіцый і абавязковых дакументаў станоўча сябе зарэкамендавала ў час нацадбору для дарослага «Еўрабачання-2019».

Да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, якім на дату правядзення міжнароднага конкурсу павінна быць не менш за 9 і не больш за 14 гадоў, грамадзяне Беларусі або замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны не менш за два з палавінай гады. У адборы можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на беларускай або рускай мове з выкарыстаннем замежнай мовы (але не больш за 40 працэнтаў аб’ёму тэксту) і музыкі, якія не былі камерцыйна рэалізаваны, а таксама выкананы публічна поўнасцю або часткова да 1 мая бягучага года. Удзельнік праекта павінен мець маёмасныя правы на песню (музыку і тэкст), аранжыроўку і фанаграму песні.

Вынікі адборачнага тура будуць падведзены прафесійным журы не пазней за 20 жніўня. У фінал пройдуць ад сямі да дзесяці выканаўцаў. Гала-канцэрт адбудзецца не пазней за 27 верасня. Прадстаўніка Беларусі для ўдзелу ў міжнародным песенным форуме выберуць па выніках галасавання гледачоў і прафесійнага журы.

Усе правы, што адносяцца да правядзення нацадбору, прыналежаць выключна арганізатару — Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Палажэнне аб правядзенні адбору размешчана на сайце медыяхолдынга ў раздзеле «Спецпраекты».

Дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2019» пройдзе 24 лістапада ў Польшчы.

Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання — з 2003 года. На нашым рахунку дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі».

У мінулым годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага «Еўрабачання» і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне «Мінск-Арэны» выступілі юныя артысты з дваццаці краін.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *