1 верасня – Дзень беларускага пісьменства

Важное Грамадства Да Дня беларускага пісьменства

Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства з’яўляецца Слонім. А за ўсю гісторыю свята, пачынаючы з 1994 года, яго прымала больш за дваццаць гарадоў.

Свята з’яўляецца значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да яго, праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта разнастайныя тэматычныя ўрокі і семінары, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і дзеячамі культуры.

Напярэдадні даты ў Брагінскай раённай бібліятэцы арганізавана кніжная выстава, прысвечаная славутым ураджэнцам беларускай зямлі Францыску Скарыне, Ефрасінні Полацкай, Сімяёну Полацкаму, а таксама беларускаму кнігадрукаванню. Па словах дырэктара раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Галіны Карпенкі, выданні на роднай мове карыстаюцца ў чытачоў даволі высокім попытам. У ліку любімых пісьменнікаў брагінчан як класікі беларускай літаратуры, так і сучасныя аўтары. Гэта і Васіль Быкаў, і Іван Шамякін, і Уладзімір Гаўрыловіч.

Галіна Георгіеўна паказвае кнігі, якія пабывалі ў руках не аднаго чытача. Сярод іх – раманы “Вяртанне” і “Вайна” Уладзіміра Гніламёдава, раманы “Любачка” і “Анэлін хутар” Аляксандра Афяроўскага, аповесці “Горад у нябёсах” Анатоля Казлова і “Ціша” Андрэя Федарэнкі. Ёсць у бібліятэцы і творы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святланы Алексіевіч, перакладзеныя на родную мову і аб’яднаныя ў цыкл “Галасы Утопіі”. Даволі шырокае кола чытачоў у нашым раёне мае беларуская пісьменніца Наталля Батракова. Шмат прыхільнікаў з’явілася і ў пачынаючага аўтара Аксаны Хвашчэўскай, ураджэнкі Рэчыцкага раёна.

Усіх аматараў роднага слова віншуем з Днём беларускага пісьменства! Адсвяткуйце яго ў кампаніі з цікавай кнігай!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *