Дырэктар ДУК “Цэнтральная раённая бібліятэка” Галіна Карпенка: на папулярныя кнігі – запіс

Главное Грамадства

Мая суразмоўца – дырэктар ДУК “Цэнтральная раённая бібліятэка” Галіна Карпенка, якая працуе ў гэтай сістэме больш чым 20 гадоў. Напярэдадні свята яна згадзілася адказаць на некаторыя пытанні.

– Галіна Георгіеўна, 15 верасня – свята ўсіх, хто любіць бібліятэку, хто не можа абысціся без яе паслуг і неабыякавы да лёсу ўстаноў культуры. У вас многа сяброў?

– Так, колькасць тых, хто сябруе з кнігай, павялічылася. З асаблівым задавальненнем хачу адзначыць, што ў апошні час да нас усё часцей наведваюцца аматары чытання з ліку моладзі. У век глабальнай камп’ютарызацыі бібліятэкі становяцца інфармацыйнымі цэнтрамі з сучаснымі тэхналогіямі. З дапамогай інтэрнэта мы выйшлі на маладзёжную аўдыторыю і правялі апытанне, што цікавіць юнакоў і дзяўчат, літаратуру якіх пісьменнікаў яны хацелі б бачыць на кніжных паліцах. Як высветлілася, папулярнымі ў моладзі з’яўляюцца кнігі Нікаласа Спаркса, Крысціны Старк, Сцівена Кінга і інш. Мы заказалі мастацкія творы гэтых аўтараў. Яны карыстаюцца вялікім попытам, на асобныя кнігі, як, напрыклад, “Кладбище домашних животных” Кінга, існуе чарга. Дзякуючы такому папаўненню мы павялічылі колькасць карыстальнікаў нашай установы.
Але ж праяўляе інтарэс малады чытач і да класічных твораў рускай і беларускай літаратуры, вядомых філосафаў. Радуе, што кніга па-ранейшаму знаходзіць дарогу да свайго чытача. Але ж асноўны арыенцір у нашай паўсядзённай рабоце – Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі”, якую паспяхова выконваем.

– Каб задаволіць попыт чытачоў, даводзіцца папаўняць кніжны фонд. На колькі экзэмпляраў ён павялічыўся сёлета?

– На 1750, 393 з якіх – сацыяльна значныя выданні. Я маю на ўвазе афіцыйныя, масава-палітычныя, навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя. Яны запатрабаваны асабліва тымі, хто набывае веды завочна, рыхтуецца да паступлення ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. У бібліятэку паступае шмат кніг, перыядычных выданняў, электронных носьбітаў інфармацыі. Ведаем, якім часопісам або выданням аддаюць перавагу прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, якім – моцнай. Аматарам вязання, скажам, можам прапанаваць адно, а тым, хто цікавіцца кулінарыяй – другое. Улічваем і запатрабаванні мужчын. Сёлета пашырылі пералік платных паслуг. Такая магчымасць з’явілася пасля набыцця каляровага ксеракса.

– Ведаю, што работнікі бібліятэчнай сістэмы вядуць грамадскую дзейнасць, звязаную з арганізацыяй адказных палітычных кампаній і дзяржаўных свят. У якіх удзельнічалі сёлета?

– Як і ў мінулым годзе, у фестывалі кнігі “Чытай, Гомель” (праводзіцца другі раз), на якім прадставілі ў шырокім асартыменце вырабы з падручных матэрыялаў, батлейку (інсцэніравалі казку “Чырвоная Шапачка”), фотавыставу. Непасрэдны ўдзел прымалі ў святкаванні Дня Незалежнасці і 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мерапрыемствах, прымеркаваных да 95-годдзя з дня заснавання раёна. Наша фотазона была шматпланавай: выставы кніг на ваенную тэматыку, прадметаў даўніны і інш. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у акцыях “Напішы пісьмо салдату”, “75 мірных год” і інш.
Не магу не сказаць пра арганізацыю занятасці хлопчыкаў і дзяўчынак у час летніх канікулаў. Розныя мерапрыемствы бібліятэкары праводзілі на адкрытых пляцоўках, што садзейнічала актыўнасці дзяцей, росту іх цікаўнасці да кніжных выданняў.

– У вясковых бібліятэках нашай Брагіншчыны працуюць людзі, дзякуючы якім захавана тое добрае, вечнае, мудрае, што абуджаецца ў сэрцах чытачоў пры знаёмстве з кнігай. Хто яны?

– Гэта адданыя справе, улюбёныя ў сваю прафесію людзі: Валянціна Галко з Чамярыс, Ала Шаўчэнка са Сцежарнага, Надзея Коцур з Малеек, Святлана Худзенка з Мікуліч, Валянціна Кузакова з Вуглоў, Тамара Марчанка з Конанаўшчыны, Алена Лявоненка з Краснага. За плячыма кожнай – дзесяцігоддзі вернага служэння яе вялікасці Кнізе. Бібліятэчная сістэма налічвае 20 устаноў, і ва ўсіх вы сустрэнеце неабыякавых гаспадынь, кожная з якіх з гонарам можа сказаць: “Прафесія бібліятэчная – вечная”.
У дзяржаўнай установе культуры “Брагінская цэнтральная бібліятэка” таксама сфарміраваўся дружны і кампетэнтны калектыў, у асноўным з ліку маладых супрацоўнікаў. Алена Ефіменка, напрыклад, загадвае аддзелам камплектавання і апрацоўкі, заказвае літаратуру, вядзе ўлік. Робіць гэта своечасова і якасна. Такія ж добрасумленныя і іншыя работнікі.

– Вашы пажаданні калегам напя-рэдадні прафесійнага свята.

– Хачу ад усёй душы павіншаваць усіх, хто працаваў і працуе ў нашай сістэме, з Днём бібліятэк, падзякаваць ім за цярплівасць, мудрасць, творчы падыход да справы, актыўнасць і неабыякавасць. Самай шчырай павагі і ўдзячнасці заслугоўваюць ветэраны, якія вучылі нас, перадавалі вопыт, давалі мудрыя парады, перажывалі і ганарыліся дасягненнямі.
Моцнага здароўя вам, паважаныя калегі, дабрабыту і душэўнага спакою, радасці і шчасця. Няхай усё ў вас складваецца найлепшым чынам.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *