ФПБ мае намер стварыць прафсаюзную дэпутацкую групу ў новым парламенце

Выбары-2019

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі мае намер стварыць прафсаюзную дэпутацкую групу ў новым парламенце. Аб гэтым паведамілі  ў прэс-службе ФПБ са спасылкай на старшыню федэрацыі Міхаіла Орду.

“Федэрацыя прафсаюзаў як арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы 4 млн працоўных, зацікаўлена непасрэдна ў тым, каб заканадаўчыя акты, якія прымаюцца, у першую чаргу ўлічвалі інтарэсы людзей і былі накіраваны на паляпшэнне становішча працаўнікоў, – сказаў Міхаіл Орда. – На разгляд у Федэрацыю прафсаюзаў прыходзяць усе праекты нарматыўных прававых актаў, якія датычацца сацыяльна-эканамічных інтарэсаў людзей. Але гэта практычна ўжо гатовыя дакументы, і дабіцца ўнясення ў іх прафсаюзнай пазіцыі часам даволі складана”.

Наяўнасць у парламенце прафсаюзнай дэпутацкай групы, паводле слоў старшыні федэрацыі, дасць магчымасць яшчэ на этапе распрацоўкі ўлічваць і адлюстроўваць у праектах дакументаў прапановы ФПБ. “Альбо ініцыяваць прыняцце дакументаў, накіраваных на вырашэнне праблем і пытанняў, з якімі да нас звяртаюцца людзі”, – дадаў Міхаіл Орда.

Ад складу парламента шмат у чым залежыць, якія законы будуць прымацца і як гэта адаб’ецца на жыцці людзей, упэўнены ён.

З 8 верасня пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў актыўна рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы.

“Мы будзем падтрымліваць прадстаўнікоў прафсаюзаў на ўсіх этапах выбарчай кампаніі, у тым ліку ў час збору подпісаў, таму што ў іх ініцыятыўныя групы таксама ўвайшлі нашы актывісты. Таксама мы падтрымаем тых кандыдатаў, чые перадвыбарныя праграмы будуць сугучныя з прынцыпамі і задачамі нацыянальнага прафцэнтра”, – падкрэсліў яго старшыня.

БелТА



Пакінуць адказ