На апаратнай нарадзе: дзе губляецца прыбытак?

Главное Официально

Адказ на гэтае, далёка не рытарычнае пытанне просты: там, дзе не выконваюць тэхналагічныя патрабаванні, дзе абыякавыя адносіны да справы, дзе жывуць адным днём, не думаючы нават пра бліжэйшую перспектыву. На чарговай апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан выказаў шэраг крытычных заўваг, якія датычылі НАРЫХТОЎКІ КАРМОЎ. “І тэмпы, і якасць закладкі сянажных траншэй пакідаюць жадаць лепшага. Сённяшняя марудлівасць прывядзе да таго, што зімой кармы для грамадскага статка некаторым давядзецца купляць. Аб якім прыбытку тады можна весці размову?” – звярнуўся да прысутных Аляксандр Васільевіч. Ужо зараз з-за пралікаў у кармленні дойнага статка зніжаюцца паказчыкі вытворчасці малака.
Калі адны працуюць, другія шукаюць, дзе і што “дрэнна ляжыць”. На мінулым тыдні зафіксаваны выпадкі крадзяжоў з аб’ектаў сельгасвытворчасці, – адзначыў часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін. У ААТ “Малажынскі” за руку схапілі вартаўнікоў пры спробе ўкрасці 70 літраў ГЗМ. Акрамя таго, за тыдзень складзена дванаццаць адміністрацыйных пратаколаў, тры з якіх – за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, адзін – за сямейныя скандалы. Затрыманы вадзіцель, які п’яным сеў за руль.
Пяць разоў выратавальнікі выязджалі па выкліках, – паведаміў начальнік РАНС Віктар Марчанка. У асноўным гэта было звязана з узгараннем сухой расліннасці. Наглядальныя камісіі працавалі згодна з планам.
Сітуацыя з ДЭМАГРАФІЧНАЙ БЯСПЕКАЙ выклікае заклапочанасць, – давёў да ведама прысутных галоўны ўрач установы аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” Ігар Кірэня. “Калі паказчык агульнай смяротнасці знізіўся, – адзначыў ён, – дык смяротнасць людзей у працаздольным узросце трывожыць.” Неабходна ўсвядамляць, што некаторыя ідуць з жыцця не па прычыне невылечных захворванняў, а таму што вядуць асацыяльны лад жыцця. І тут прыкладаць намаганні патрэбна ўсім структурам: і наймальнікам, і грамадскім арганізацыям, і сельвыканкамам, на тэрыторыі якіх такія асобы пражываюць. “Аднак нельга не браць пад увагу, што алкагалізм – захворванне, і вядучую ролю тут усё ж павінны адыгрываць медыкі. А дзіцячай смяротнасці ўвогуле дапускаць нельга”, – канстатаваў кіраўнік раённай вертыкалі.Ён, дарэчы, вырашыў паўдзельнічаць у чарговым медыцынскім савеце.
МАБІЛЬНАЯ ГРУПА наведала КЖУП “Брагінскае”, – паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец. Тут, як кажуць, шавец без ботаў. Падтрымліваючы парадак на тэрыторыі, бадай, усяго раёна, на ўласных плошчах камунальнікі гэтага зрабіць не ў стане. Пахіленая агароджа на ўчастку сарціроўкі смецця, не прыдатны для эксплуатацыі склад, які даўно патрэбна было знесці, непарадак на тэрыторыі – пра ўсё гэта гаварылася не ўпершыню. Як запэўніў дырэктар КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Атрошчанка, усе недахопы будуць выпраўлены ў бліжэйшы час.
Аб ПЕРАПІСЕ НАСЕЛЬНІЦТВА праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Раманюк. Ён яшчэ раз нагадаў аб значнасці гэтай падзеі і звярнуў увагу прысутных на тое, што ўпершыню грамадзяне могуць прайсці перапіс самастойна, выкарыстоўваючы камп’ютарныя тэхналогіі. Гэтую магчымасць неабходна выкарыстаць максімальна, бо на плечы перапісчыкаў нагрузка кладзецца немалая, а важнасць гэтай кампаніі нельга недаацэньваць.
ПАДРЫХТОЎКА ДА ВЫБАРАЎ у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ідзе належным чынам.Усе ўчасткі абследаваны і падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, – праінфармаваў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Валянцін Хмелянок.
На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні падпісной кампаніі, нарыхтоўкі другаснай сыравіны, транспартнага руху па Камарыну, добраўпарадкавання, работы экалагічнай службы.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *