Прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18

Главное Грамадства

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 – дакумента, які накіраваны на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Нагадаем, што дзеці прызнаюцца маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, калі выяўлена, што мамы і таты неналежна выконваюць свае абавязкі.
Бацькі, для якіх алкаголь і асацыяльны лад жыцця даражэй за ўласных дзяцей, ёсць, на жаль і ў нашым раёне. Яны знаходзяцца на асаблівым кантролі адпаведных службаў, і ён не абмяжоўваецца проста пастаноўкай на ўлік. Да такіх людзей часцей наведваюцца прадстаўнікі мясцовых органаў улады і наглядальнай камісіі, настаўнікі, міліцыя, медыкі і інш. Спецыялісты не толькі сочаць за ўмовамі пражывання непаўналетніх, але і размаўляюць з бацькамі, тлумачаць правілы і нормы, кансультуюць і г.д.
Паміж суб’ектамі прафілактыкі наладжаны абмен інфармацыяй, і на чарговым пасяджэнні падрабязна былі разгледжаны сітуацыі ў 14 сем’ях. У кожнай з іх – свая гісторыя: ужыванне спіртнымі напоямі, сямейныя скандалы, беспарадак у доме, адсутнасць прадуктаў харчавання… Таму і рэкамендацыі бацькам былі розныя: ад наведвання ўрача-нарколага да працаўладкавання.
…Маці 11-гадовай дзяўчынкі пражывае з сужыцелем, які не толькі злоўжываў спіртнымі напоямі, але і неаднаразова ўчыняў скандалы, нават з рукапрыкладствам. Да таго ж мужчына мае судзімасці. Зразумела, што ў такой атмасферы, жыццё і здароўе школьніцы падвяргаецца небяспецы. На пытанне “Што для Вас даражэй: дзіця ці сужыцель?” жанчына прамаўчала, але запэўніла членаў каардынацыйнага савета, што мужчына ў апошні час “завязаў” з алкаголем. Між тым статус “сацыяльна небяспечнае становішча” з дзяўчынкі пакуль не зняты.
У 26-гадовай жанчыны – двое дзяцей. Толькі па ўсім відаць, што яны маці не патрэбныя. Злоўжыване алкаголем і разгульны лад жыцця для яе важнейшыя. Намеснік старшыні каардынацыйнага савета Галіна Васяновіч заўважае, што ў сям’і створаны ўсе ўмовы для адабрання дзяцей і змяшчэння іх у прытулак. Тым больш што ў сацыяльна небяспечнае становішча малыя трапляюць ужо не ў першы раз. У маці на вачах з’яўляюцца слёзы, яна абяцае, што выправіцца, знойдзе работу… Але ці можна ёй верыць?
Яшчэ ў адной сям’і дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за таго, што ў доме антысанітарыя і часта адсутнічаюць прадукты харчавання. Гэта і зразумела, бо маці працуе на паўстаўкі, у бацькі таксама невысокі даход. Сродкаў не хапае не толькі на рамонт, але часам і на самае неабходнае. Жанчына паабяцала, што пашукае работу з большым заробкам.
Безумоўна, асноўная задача дзяржавы – захаваць сям’ю. І калі бацькі выконваюць усе рэкамендацыі па ўхіленні прычын і ўмоў, з-за якіх непаўналетнія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, то гэты статус з іх здымаецца. Члены каардынацыйнага савета заўсёды гатовы дапамагчы тым, хто жадае выправіць сітуацыю, ідуць насустрач, калі бачаць жаданне мамы і таты ўсё змяніць.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *