Сеяць азімыя, убіраць кукурузу, бульбу

Сельское хозяйство

Восенню ў аграрыяў шмат работы, паспявай толькі за тэрмінамі. І ўсё ж асноўнае – своечова пасеяць азімыя культуры. Вось што расказаў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максім КАЎЦЭВІЧ:

– План сяўбы складае 13 301 гектар, з якіх 12 697 – на зерне. Загарнуць у глебу насенне патрэбна да 5 кастрычніка. Да работы прыступілі ўсе сельгаспрадпрыемствы, але ж у лідарах на сёння ААТ “Пераможнік”. Тут засеяна 30% плошчаў ад задання пры сярэднераённым паказчыку 12%. У “Імя Жукава” і “Брагінскім” план выкананы на 17%.

Насенне спецыялісты называюць залатым фондам будучага ўраджаю. Аб неабходнасці сортаабнаўлення і сортазамены аграномы ведаюць, таму завозяць эліту азімых культур. Сёлета за бюджэтныя сродкі ёсць магчымасць набыць яе 120 тон. Гэта і жыта, і пшаніца, і трыцікале. Патрабаванне застаецца нязменным: сеяць насеннем не ніжэй за першую рэпрадукцыю. Ставілася таксама задача за два-тры тыдні да пасяўной на больш засмечаных пустазеллем плошчах унесці гліфасат, што і было зроблена.

Патрабуюць да сябе ўвагі пасевы рапсу. Хто разлічвае атрымаць добры ўраджай каштоўнай алейнай культуры, павінен апрацаваць палі хімпрэпаратамі, не даць успыхнуць вясной так званаму зялёнаму пажару.
Прыступілі вяскоўцы да ўборкі кукурузы. На зерне і насенне каралеве палёў адвялі 3700 гектараў. Сёлета валавы збор яе чакаецца ніжэйшы за мінулагодні, таму работу патрэбна правесці якасна.

Бульбу вырошчваюць толькі тры гаспадаркі: ААТ “Малажынскі”, “Імя Жукава”, “Брагінка” (занята 45 гектараў). Увесь ураджай пойдзе на ўнутраныя патрэбы. Неабходна забяспечыць клубнямі ўстановы адукацыі, аховы здароўя, спажывецкага таварыства, засыпаць насенны матэрыял. Пакуль уся бульба яшчэ ў зямлі, хаця надвор’е спрыяе таму, каб яе выкапаць у сонечныя дні.

Усю салому запрасавалі ў ААТ “Пераможнік”, “Чамярыскі”, “Імя Жукава”. У цэлым па раёне яна ўбрана з 83% плошчаў. Гатовыя рулоны звезены з 8342 гектараў пры плане 12 395 гектараў. Восеньскія будні для аграрыяў не менш напружаныя, чым вясеннія, але ж да халадоў патрэбна паспець і кармы нарыхтваць, і ўраджай-2019 упарадкаваць, і падмурак наступнаму закласці. Таму ўдачы ўсім і плёну ў працы!

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *