У Брагінскім раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі

Важное Официально

З 9 верасня па 9 кастрычніка ў раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый сельскагаспадарчых арганізацый і населеных пунктаў. Распараджэнне аб гэтым падпісаў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.
Мерапрыемства, якое для гэтай асенняй пары з’яўляецца традыцыйным, накіравана на актывізацыю работ па азеляненні нашых вуліц і паркаў, прывядзенне не толькі іх, але і прыдамавых тэрыторый, двароў у належны санітарны стан. Вясной працоўныя калектывы, жыхары райцэнтра актыўна ўключыліся ў работу: у час суботнікаў высаджвалі дрэвы і кветкі, разбівалі клумбы, фарбавалі бардзюры, агароджу, ачышчалі ад бруду і смецця месцы масавага адпачынку людзей. Прыемна ўсведамляць, што многія брагінчане і пасля месячніка працягвалі займацца карыснай справай: палівалі зялёныя насаджэнні, разбівалі пад вокнамі шматпавярховак кветнікі, рабілі гэта па ўласным жаданні, з любоўю. Прыгожымі прадстаўнікамі флоры маглі летам любавацца не толькі мясцовыя жыхары, але і госці. Тым, каму неабыякававы лёс малой радзімы, справы хапала.
Не ўсе бярозкі, туі, кучаравыя рабінкі прыжыліся, таму на іх месцы павінны з’явіцца новыя. Вясной яны зазелянеюць, парадуюць нас непаўторным водарам кволай лістоты, напоўняць паветра свежасцю і прыемным пахам. Таму – за справу!
Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва звяртаецца да насельніцтва раёна з просьбай прыняць актыўны ўдзел у месячніку па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні, каб зрабіць наш агульны дом утульным і прывабным. Пра тое, як брагінчане клапоцяцца пра сваю малую радзіму, вядома і ў Савеце Міністраў. Па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання наш раён прызнаны пераможцам, узнагароджаны пераходным вымпелам і грашовай прэміяй. Прыемна быць у ліку лідараў і ўсведамляць, што ў гэтым дасягненні ёсць уклад кожнага, хто прымаў удзел у суботніках, наводзіў чысціню і парадак. Давайце справай дакажам, што поспех не быў выпадковы, што брагінчане ўмеюць не толькі ствараць, але і берагчы, захоўваць тое, што зроблена дзеля камфорту і добрага настрою і жыхароў, і гасцей.
Частку прэміяльных выдаткавалі на добраўпарадкаванне фантана. Па вечарах каля яго збіраюцца сем’і, шмат дзяцей. Трэба бачыць іх шчаслівыя ўсмешкі, радавацца разам з імі воднай феерыі і ўсведамляць, што намаганні нашы не былі дарэмныя, што дзеля гэтага варта працаваць. Няхай такіх прывабных месцаў у райцэнтры будзе больш.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *