Умацоўваць аграрны сектар

Официально

Пытанняў да СЕЛЬГАСВЫТВОРЦАЎ заўсёды шмат. І гэта невыпадкова: на палях і фермах працуюць людзі, ад якіх залежыць умацаванне эканомікі раёна, падмурак стабільнасці і дабрабыту. А восеньскія клопаты вызначаюцца яшчэ і тым, што цёплыя дні даюць магчымасць нешта паправіць, ухіліць недапрацоўкі, арганізаваць работу там, дзе ёсць адставанне. “Ёсць пралікі ў нарыхтоўцы кармоў, не ўсе адказна ставяцца да падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў, сітуацыя з надоямі і паморкам жывёлы таксама крытычная”, – пачаў з заўваг апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. Была заслухана справаздача намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміра Сніцарэнкі аб падрыхтоўцы да зімы ў ААТ “Імя Жукава”. Чаму не ўсё зроблена, чаму гінуць цяляты і зніжаецца вытворчасць малака, давялося тлумачыць намесніку дырэктара таварыства Уладзіміру Прусянку. “Гаспадарка страчвае свае пазіцыі, тут не выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, каб дасягнуць даведзеных паказчыкаў”, – канстатаваў Аляксандр Кохан. На выпраўленне сітуацыі адведзена дзесяць дзён. Але трэба ўсведамляць: адзначаныя недахопы характэрныя і для іншых гаспадарак. Таму дэталёвы аналіз будзе праведзены ў кожным ААТ.

МАБІЛЬНАЯ ГРУПА райвыканкама наведала аб’екты культуры. Не ўсё ў парадку і тут. Патрабуюць рамонту Малажынскі цэнтр культуры і вольнага часу, Сялецкая бібліятэка-клуб, – адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец.

Па інфармацыі намесніка начальніка РАНС Віктара Цімоніна, за ты-дзень да пяці асоб прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння – скла-дзены пратаколы. Грамадзяне займаліся выпальваннем сухой расліннасці. Віктар Віктаравіч яшчэ раз нагадаў аб неабходнасці выканання супрацьпажарных патрабаванняў. Датычыць гэта і ААТ – сцірты саломы, кармасховішчы павінны быць абпаханы.
Узбуджана пяць крымінальных спраў – давёў да ведама прысутных часова выконваючы абавязкі пасады начальніка РАУС Мікалай Якунін. З іх дзве звязаны з крадзяжамі ўласнай маёмасці, адна – з махлярствам у сетцы інтэрнэт. “Не будзьце залішне даверлівымі, не пералічвайце грошы, нават калі чалавек, што піша, здаецца вам добра знаёмым ці звяртаецца да вас з акаунта родных і блізкіх. Махляры “ўзламваюць” чужыя старонкі, аналізуюць перапіску, просяць у тых, хто ў сяброўскіх адносінах, пэўныя грашовыя сумы, часам немалыя. І на іх просьбы адклікаюцца, сродкі пералічваюць. Пераправерце кожную такую просьбу, патэлефануйце, пагаварыце з чалавекам – і толькі потым спяшайцеся на дапамогу”, – яшчэ раз перасцярог Мікалай Мікалаевіч.

Аб’яўлены МЕСЯЧНІК ПА ДОБРАЎ-ПАРАДКАВАННІ. Ён павінен стаць сапраўды масавым. Патрэбна навесці парадак у населеных пунктах і вакол іх, заняцца азеляненнем. Вызначыць месцы, арганізаваць дастаўку саджанцаў, правесці суботнікі – задача адпаведных служб.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні якасці пітной вады, выкарыстання спартыўных аб’ектаў, землеўпарадкавання, бяспекі на мяжы.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *