Які след пакінулі ў нашай гісторыі Героі Савецкага Саюза, імёны якіх носяць вуліцы Камарына?

Главное Год малой родины К 75-летию освобождения Беларуси Наша гісторыя Общество

Які след пакінулі ў нашай гісторыі Героі Савецкага Саюза, імёны якіх носяць вуліцы Камарына? За якія подзвігі, баявыя заслугі ўдастоены ганаровага звання? У паўсядзённай мітусні мы хутка і, магчыма, раўнадушна, прабягаем вачыма па таблічках з назвамі ў гонар абаронцаў Айчыны. І рэдка задумваемся, што яны – рэха страшных дзён Вялікай Айчыннай вайны. Давайце будзем ведаць і памятаць.

Дзмітрый Фёдаравіч ГРАЧУШКІН – камандзір узвода супрацьтанкавых ружжаў 60-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 16-й гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, гвардыі лейтэнант.

Нарадзіўся 10 красавіка 1921 года ў сяле Талкаеўка (цяпер – Сарочынскі раён Арэнбургскай вобласці) у сям’і селяніна. Рускі. Закончыў тэхнікум сувязі ў сталіцы Узбекістана – Ташкенце. У 1940-м быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1942-м закончыў Тамбоўскае кавалерыйскае вучылішча, а з красавіка 1943 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Вызначыўся падчас бітвы за Днепр.

27 верасня 1943 года Грачушкін у ліку першых пераправіўся праз раку ў раёне вёскі Ніўкі (зараз не існуе) Брагінскага раёна. Яго ўзвод адразу ж быў атакаваны танкамі праціўніка. Але, адбіваючыся, бранябойшчыкі лейтэнанта змаглі знішчыць некалькі танкаў і забяспечыць паспяховую пераправу іншых падраздзяленняў палка.

30 верасня 1943 года падчас бою за вёску Галкі Дзмітрый Грачушкін асабіста падпаліў пяць варожых танкаў, але сам загінуў.

Заслугоўваюць увагі ўспаміны Героя Савецкага Саюза, камандзіра кулямётнага ўзвода 60-га гвардзейскага кавалерыйскага палка Аляксандра Сіманава: “Гречушкин в этом бою действовал энергично и хладнокровно. Первыми выстрелами из ПТР поджёг головной танк. Одновременно ударили остальные бронебойщики. Четыре вражеские машины были подбиты, остальные начали отступать.

От меткого огня пулемётчиков моего взвода полегло более 60 фашистов. Храбрецы не отступали ни на шаг, обеспечив переправу подкреплению. Взвод Гречушкина вместе с подошедшими подразделениями вклинился в расположение противника у села Галки и создал там панику в стане врага.

Но вскоре гитлеровцы опомнились и предприняли несколько контратак. В шестой из них они пустили 20 танков. Обстановка становилась сложной. Много бойцов выбыло из строя. Бой достиг предельного накала. В тяжёлую минуту лейтенант Гречушкин сам лёг за противотанковое ружьё.

Меткими выстрелами он поджёг головной танк. Всего Гречушкин подбил пять машин врага, остальные повернули вспять. Когда в ходе боя наступил перелом в нашу пользу, Гречушкин был сражён осколком снаряда.

Так погиб в этом бою мой однокашник и боевой друг Дима Гречушкин».

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявога задання камандавання ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі лейтэнанту Дзмітрыю Грачушкіну пасмяротна прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Ён быў таксама ўзнагароджаны ордэнамі Леніна і Айчыннай вайны 1-й ступені.

Мужны камандзір пахаваны ў брацкай магіле ў Камарыне. А яго імем названа вуліца не толькі ў пасёлку над Дняпром, але і ў Сарочынску, Ташкенце.

Фёдар Кірылавіч ПАЎЛОЎСКІ – камсорг 2-га стралковага батальёна 1181-га стралковага палка 356-й стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, лейтэнант.

Нарадзіўся 2 сакавіка 1921 года ў сяле Сасноўка Аляксандраўскага раёна Кіраваградскай вобласці ў сялянскай сям’і. Украінец. У 1940-м закончыў Чаркаскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пачаў працаваць аграномам у калгасе. У тым жа годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны – на фронце. Асабліва вызначыўся пры вызваленні Брагінскага (на той момант Камарынскага) раёна.

6 кастрычніка 1943 года Паўлоўскі з групай байцоў заняў стратэгічна важную вышыню на правым беразе Дняпра каля вёскі Піркі. Пры адбіванні шматлікіх контратак праціўніка рады абаронцаў з кожнай мінутай радзелі. І настаў самы напружаны момант: адважны камсорг застаўся адзін супраць ашалелай ад страт варожай зграі. Ужо былі на зыходзе патроны, і кулямёт лейтэнанта мог змоўкнуць з мінуты на мінуту, але ён працягваў весці бой з пераўзыходзячымі сіламі ворага.

Фашысты спрабавалі захапіць байца жывым. Ды калі група гітлераўцаў колькасцю да 20 чалавек, узброеных аўтаматамі, наблізілася да яго, Паўлоўскі, падпусціўшы іх на адлегласць 10-15 метраў, кінуў гранату, а затым яшчэ адну. Ад выбухаў загінула 15 фашыстаў, а астатнія кінуліся ратавацца ўцёкамі. Праз некалькі хвілін з’явілася яшчэ адна група немцаў, з якімі камсорг ўступіў у рукапашную схватку – чатыры гітлераўцы былі забіты штыком, а астатнія разбегліся.

Лейтэнант утрымліваў важны рубеж да падыходу сваіх падраздзяленняў. Як высветлілася, на яго пазіцыі вораг страціў больш за сотню салдат і афіцэраў, 65 з якіх знішчыў адважны камсорг. Але ў той жа дзень падчас атакі ён загінуў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года Фёдару Паўлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Ён таксама ўзнагароджаны ордэнам Леніна, медалём “За адвагу”.

Пахаваны Фёдар Кірылавіч у Камарыне ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Каля Сасноўскай школы, якая носіць яго імя, устаноўлены бюст героя, а ў пасёлку Аляксандраўка – барэльеф.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ