Абмеркавалі работу па прафілактыцы здзяйснення абавязанымі асобамі прагулаў

Грамадства

На планавым пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 абмеркавалі работу па прафілактыцы здзяйснення абавязанымі асобамі прагулаў.
Больш чым дзесяць гадоў дзейнічае дакумент, які дае шанц горабацькам вярнуцца да нармальнага жыцця, захаваць свае правы на выхаванне дзяцей. А для кіраўнікоў прадпрыемстваў, куды прыйшлі так званыя абавязаныя асобы, Дэкрэт №18 стаў яшчэ і сур’ёзным экзаменам на цвёрдасць, вытрымку і цярплівасць. У рэшце рэшт, экзаменам на міласэрнасць. Зразумела, што такія “калегі” – далёка не анёлы, а найчасцей людзі, якія не могуць вырвацца з абдымкаў зялёнага змея, пераступілі цераз маральныя прынцыпы. І лічаць, што так і належыць жыць. Таму задача і дзяржаўных, і грамадскіх структур, працоўных калектываў – абудзіць у нядбайных сумленне, нагадаць ім: на выхаванне сваіх сыноў і дачок патрэбна зарабляць самім. Не ўпрыгожвае чалавека той факт, што дзяржава павінна абараняць дзяцей ад іх бацькоў.

Здаецца, за гады рэалізацыі гэтага важнага дакумента ўжо выпрацавана канкрэтная сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння: ад своечасовага выяўлення фактаў сямейнага недабрабыту да працаўладкавання абавязаных асоб і кантролю за іх разлікамі з дзяржавай. Але, як паказвае практыка, далёка не кожны кіраўнік глыбока ўнікае ў сутнасць спраў у гэтым напрамку. І не ўсе асобы, адказныя за работу з абавязанымі, належным чынам успрымаюць сур’ёзнасць праблемы. Аб гэтым сведчыць слабая ўзаемасувязь некаторых прадпрыемстваў, у якіх працуюць гора-бацькі, з аддзелам унутраных спраў і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

На пасяджэнні з удзелам наймальнікаў было агучана, што яшчэ існуюць факты, калі тая ці іншая арганізацыя несвоечасова інфармуе адпаведныя службы аб уліку працоўнага часу абавязаных асоб, іх адсутнасці на рабоце. А ў выніку? Такая безадказнасць і абыякавасць перашкаджаюць аператыўна прымаць належныя меры ўздзеяння, павялічваць працэнт кампенсацыі дзяржаўных затрат на ўтрыманне дзяцей.

Старшыня каардынацыйнага савета Мікалай Яшчук указаў на неабходнасць прааналізаваць і ўдасканаліць работу з абавязанымі асобамі ў працоўных калектывах. Усе намаганні павінны быць накіраваны на тое, каб не дапускаць здзяйсненняў гэтымі людзьмі прагулаў. Кантраляваць іх выхад на работу патрэбна штодзённа: калі чалавек адсутнічае – тут жа высвятляць прычыну, паведамляць у службу занятасці і РАУС, каб была магчымасць неадкладна паўплываць на сітуацыю. Рычагоў уздзеяння на нядбайных дастаткова: ад прыводу на месца працы і прымусовага лячэння ад алкагалізму да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і адпрацоўкі прагулаў у выхадныя.

Варта таксама ўлічыць, што колькасць абавязаных асоб у раёне не такая вялікая: 35 чалавек. Перавыхаванне працай на прадпрыемствах (пераважна – сельскагаспадарчага профілю) праходзяць лічаныя. Таму часам не паддаецца разуменню, што перашкаджае наймальнікам наладзіць за імі строгі кантроль і адрэгуляваць механізм узаемадзеяння з адпаведнымі службамі. Калі і далей у гэтай рабоце будуць выяўляцца пралікі, да адказных асоб давядзецца прымяніць, як папярэдзіў намеснік пракурора Аляксей Мельнікаў, меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *