Чысціня павінна быць візітнай карткай раёна

Важное Официально

Пытанні выплаты ЗАРАБОТНАЙ ПЛАТЫ старшыня райвыканкама акрэсліў як найбольш актуальныя для шэрагу прадпрыемстваў нашага раёна. У першую чаргу гэта КЖУП “Брагінскае”, ПМС, некаторыя ААТ. “Усе разлікі з працаўнікамі патрэбна правесці своечасова”, – даручыў Аляксандр Кохан кіраўнікам, пачынаючы апаратную нараду.

Старшыня райвыканкама выказаў шчырую падзяку калектывам арганізацый і прадпрыемстваў, якія актыўна ўдзельнічалі ў НАВЯДЗЕННІ ПАРАДКУ. “Але работы спыняцца не павінны, асабліва – на сельскіх тэрыторыях. Часта даводзіцца бачыць непрывабны малюнак, калі займаюцца адной-дзвюма вёскамі ў цэнтры Савета ці гаспадаркі, а астатнія – як у паласе забыцця: неабкошаныя, з паламанымі агароджамі. Гэтага быць не павінна, у гаспадароў чысціня ўсюды”, – падкрэсліў кіраўнік раённай вертыкалі.

Па інфармацыі выконваючага абавязкі начальніка РАУС Мікалая Якуніна, за ты-дзень узбуджаны чатыры крымінальныя справы: дзве – па фактах крадзяжоў, адна – за хуліганства і адна – за сямейнае катаванне. У ААТ “Камарынскі” выкрыты факт крадзяжу вадзіцелем 80 літраў паліва. Праведзена прафілактычная работа з 33 удзельнікамі дарожнага руху, якія парушалі правілы (сярод іх – восем пешаходаў і шэсць веласіпедыстаў).
Як АСВЯТЛЯЮЦЦА ВУЛІЦЫ райцэнтра, старшыня райвыканкама даручыў праверыць начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Даніілу Сіманенку. У вёсках гэтым займаюцца старшыні сельвыканкамаў.

Аб ПЕРАПІСЕ НАСЕЛЬНІЦТВА праінфармаваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Пётр Раманюк. Наш раён – у ліку лідараў у вобласці: перапісчыкі справіліся з работай на сто працэнтаў.
Павялічылася ЗАХВОРВАННЕ дзяцей прастудамі, – паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” Ігар Кірэня. Ён расказаў аб стане дэмаграфічнай бяспекі ў раёне. Высокі ўзровень смяротнасці назіраецца на тэрыторыі, якая абслугоўваецца Хракавіцкай АУАП, сітуацыя будзе разгледжана на пасяджэнні медсавета. Закрануў галоўны ўрач і тэму прафілактыкі грыпу. Вакцына ёсць, жадаючыя могуць зрабіць прышчэпку.

Пытанням АПК заўсёды надаецца значная ўвага. На гэты раз Аляксандр Кохан завастрыў увагу кіраўнікоў ААТ на колькасці і якасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Недаравальна мала малака прадаецца гатункаў экстра і вышэйшага. Гэта прамыя фінансавыя страты: недаатрымоўваем там, дзе маглі б мець прыбытак. Зааветслужбам даручана аказаць гаспадаркам кансультацыйную дапамогу і ўзмацніць кантроль.

Аб тым, як вядуць ПРЫЁМЫ ГРАМАДЗЯН кіраўнікі арганізацый і прад-прыемстваў расказаў кіраўнік спраў райвыканкама Сяргей Прыходзька. Не ўсе з іх былі на месцы ў вызначаны час. Інфармацыя, размешчаная на стэндах, устарэлая, не адпавядае патрабаванням. Аляксандр Кохан даручыў навесці парадак у гэтай рабоце.

На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні падачы цяпла ў аб’екты сацыяльнай сферы, рэкультывацыі міні-палігонаў, адміністрацыйнай практыкі, разлікаў па запазычанасцях і інш.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *