Калектыў Брагінскага ўчастка ДРБУ-155 жыве насычаным жыццём

Главное Общество

Калектыў Брагінскага ўчастка ДРБУ-155 жыве насычаным жыццём. Акрамя таго што выконвае вялікі аб’ём работ у сваім раёне, дапамагае суседзям. Вадзіцель Мікалай Савянок нядаўна вярнуўся з Петрыкаўскага, дзе брагінчане разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый займаліся добраўпарадкаваннем.

Мікалай Паўлавіч дарожнай службе аддаў тры дзясяткі гадоў. Разам з жонкай выхавалі цудоўных дачок, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і паспяхова ўладкаваліся ў жыцці. Адчуваецца, што з павагай да яго адносяцца і калегі, і кіраўніцтва. Мікалая Паўлавіча мы засталі за рамонтам аўтамабіля, які ён рыхтаваў да тэхагляду.

У прасторным двары бязлюдна і ціха. Работы ў гэтыя дні шмат, таму ўсе выехалі на ўчасткі. Як праінфармаваў дырэктар ДРБУ-155 Пётр Фурс, за студзень–верасень на мясцовых дарогах нашага раёна ямачны рамонт выкананы на 15 373 м2, у тым ліку так званымі лакальнымі картамі – на 10 008 м2.

Аўтадарога Юркавічы – Садовы – Чамярысы ў ходзе рэканструкцыі пакрылася асфальтабетонам на 2,712 км. Бягучы рамонт выкананы на 7408 пагонных метрах. Больш камфортна стала рухацца па дарозе Хракавічы – Бераснёўка: на 1150 м/п пакладзена 6900 м2 асфальтабетону. Адрамантаваны ўчасткі аўтадарогі Краснае – Новая Іёлча – Бярозкі, Галкі – Асарэвічы, Мікулічы – Конанаўшчына.

Паверхневая апрацоўка шчэбенем зроблена на 8565 пагонных метрах (укладзена 50 570 м2 раствору). У тым ліку: а/д Хракавічы – Бераснёўка – 4100, Галкі – Асарэвічы – 4465 пагонных метрах.

У Камарыне ў асфальт апранулі ўчастак вуліц К. Маркса працягласцю 1524 пагонныя метры, імя Леніна – 1076. Зроблена гравійнае пакрыццё на вуліцы Акцябрскай у аграгарадку Буркі на адрэзку 1025 пагонных метраў. Восевую разметку ўзнавілі на 137,26 км ліній.

У нумары “Маяка Палесся” за 30 жніўня быў надрукаваны графік выканання работ па ўтрыманні і бягучым рамонце мясцовых аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў нашага раёна, якія знаходзяцца на балансе ДРБУ-155. Указаны і сумы, якія для гэтага будуць выдаткаваны. На ўтрыманне дарог – 780 000 рублёў, вуліц – 40 000, бягучы рамонт аўтамабільных дарог – 821 637. Да слова, каб прывесці ў належны стан а/д Н-492 Краснае – Новая Іёлча – Бярозкі, спатрэбілася 410 129 рублёў. Крыху менш на астатнія, але ж таксама нямала.

Калі едзеш па зручных і роўных дарогах, з удзячнасцю ўзгадваеш тых, хто зрабіў іх такімі. Членам калектыву Брагінскага ўчастка – самыя шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята і найлепшыя пажаданні. Галоўнае, каб атрымлівалі задавальненне ад працы, не страчвалі пачуцця аптымізму і верылі ў лепшае. І ім, і іх родным – здароўя і шчасця, радасці і светлых дзён у жыцці.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *