На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў

Грамадства

На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, у якім прынялі ўдзел старшыні пярвічных арганізацый раёна. Ганаровым госцем мерапрыемства стала прадстаўнік абласнога аб’яднання прафсаюзаў Анастасія Козырава.

На парадак дня былі вынесены пытанні аб рэалізацыі рашэнняў дзясятага Пленума Савета ФПБ, ходзе справаздачна-выбарнай кампаніі і правядзенні справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённага аб’яднання прафсаюзаў, унясенні змен у склад савета і прэзідыума.

Лідар прафсаюзнага руху раёна Раман Цеслянок асаблівую ўвагу прысутных звярнуў на новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса. Нагадаў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў змен і дапаўненняў гэтага важнага дакумента. Работа вялася разам з органамі заканадаўчай і выканаўчай улады два гады. У сілу новы Працоўны кодэкс уступіць у студзені 2020-га.

Раман Міхайлавіч падрабязна спыніўся на некаторых ключавых зменах. І адна з іх – замацаванне ў законе гарантыі занятасці для добрасумленных працаўнікоў. Кантракт на адзін год выключна па ініцыятыве наймальніка можа быць заключаны толькі раз – пры прыёме на работу. Калі ж бакі вырашаць прадоўжыць працоўныя адносіны, з чалавекам з яго згоды кантракт падпісваецца на максімальны тэрмін, а чарговы афармляецца як мінімум на тры гады.

Новаўвядзенні датычацца таксама працаўнікоў пенсійнага ўзросту, матэрыяльнай адказнасці, тэрміну апавяшчэння работнікаў пра змену умоў працы і інш. І сёння галоўная задача прафсаюзных арганізацый раёна – падрабязна растлумачыць людзям тое, што змянілася, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя інфармацыйныя пляцоўкі.

Закрануў Раман Міхайлавіч і тэму сацыяльнага партнёрства. У гэтым пытанні таксама шмат істотных змен. Над новым пагадненнем сумесна працавалі прафсаюзныя арганізацыі, выканаўчая ўлада і Саюз наймальнікаў. Агульная мэта трох бакоў – захаваць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у працоўных калектывах. Узаемная зацікаўленасць у гэтым паспрыяла таму, што дакумент узмацніў правы і гарантыі людзей. Дарэчы, падпісанае сёлета пагадненне мае новы фармат. У параўнанні з папярэднім, якое насіла рэкамендацыйны характар, тут больш за 20 нормаў з’яўляюцца абавязковымі.

Агучыў Раман Цеслянок і вынікі маніторынту пярвічных прафсаюзных арганізацый, звярнуў увагу на некаторыя недахопы ў рабоце і паставіў задачу як мага хутчэй іх ліквідаваць.

Бягучы год для прафсаюзаў быў плённы і насычаны. Але наперадзе чакае яшчэ адна важная кампанія – выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Раман Міхайлавіч заклікаў прыняць у ёй актыўны ўдзел, у тым ліку і ў якасці назіральнікаў на выбарчых участках.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *