Не толькі навесці парадак, але і падтрымліваць яго

Официально

Як праходзіць месячнік па ДОБРАЎПАРАДКАВАННІ? З абмеркавання гэтага пытання пачалася чарговая апаратная нарада ў старшыні раённага выканаўчага камітэта. Са справаздачай, што зроблена і што плануецца, выступіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Данііл Сіманенка. Прыводзяцца ў парадак тэрыторыі, высаджваюцца новыя дрэўцы, калектывы на суботнік выходзяць арганізавана. “Але гэтага недастаткова, – адзначыў Аляксандр Кохан. – Больш актыўна патрэбна працаваць на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў”. Як прыклад абыякавасці – могілкі ў Валахоўшчыне. Забываць пра месцы пахавання недапушчальна. Некалькі гадоў назад тут наводзіўся парадак, але ж яго патрэбна падтрымліваць. Зараз тут зноў вялікі аб’ём работ, які патрэбна брацца і выконваць. Гэта даручана старшыні сельвыканкама Наталлі Новік.

Данііл Сіманенка таксама праінфармаваў аб тым, як забяспечваюцца жыллём ШМАТДЗЕТНЫЯ СЕМ’І. У райцэнтры здадзены ў эксплуатацыю шматкватэрны дом для гэтай катэгорыі грамадзян, будуецца жыллё і ў вёсках раёна.

Пытанні СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ па-ранейшаму актуальныя. На гэты раз кіраўнік раённай вертыкалі завастрыў увагу на падрыхтоўцы да справаздачнай нарады жывёлаводаў. Яна пройдзе ў ААТ “Малажынскі”, і абмеркаваць на ёй патрэбна шмат: ад гатоўнасці памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы да нарыхтоўкі кармоў і культуры земляробства.

Начальнік РАНС Віктар Марчанка спыніўся на пытаннях бяспекі. Пажараў за тыдзень не здарылася, супрацоўнікі выязджалі на дапамогу насельніцтву. Аднак у цэлым статыстыка трывожная: колькасць пажараў з пачатку 2019-га павялічылася ў параўнанні з мінулагоднім. Больш актыўна весці прафілактычную работу, у тым ліку і наглядальнымі камісіямі, абысці ўсіх, хто ў групе рызыкі, праверыць, як памяшканні падрыхтаваны да зімы, – задачы для ўсіх зацікаўленых структур.

Мікалай Якунін, выконваючы абавязкі начальніка РАУС, паведаміў, што за тыдзень на нумар 102 паступіла 38 званкоў, узбуджаны дзесяць крымінальных спраў. У асноўным – па фактах крадзяжоў. Было закранута пытанне і аб сітуацыі ў кафэ “Вясёлы спадарожнік” у Камарыне. Калі гэтая кропка зачыняецца і персанал ідзе дадому, наведвальнікі каля яе застаюцца, іх адпачынак становіцца бескантрольным. Таму, акрамя таго, што сітуацыя небяспечная ўвечары і ноччу, раніцай тэрыторыя засмечана і ў непрывабным выглядзе. Патрэбна навесці парадак і падтрымліваць яго – гэта відавочна.

Як праходзяць ВОСЕНЬСКІЯ КІРМАШЫ, кіраўнік раённай вертыкалі пацікавіўся ў начальніка аддзела эканомікі Людмілы Шахніцкай. Сельгаспрадукцыя карыстаецца попытам, яе кошт значна ніжэйшы, чым у гандлёвых кропках. Аляксандр Кохан даручыў прыцягваць да гандлю на такіх кірмашах як мага больш прадаўцоў, пашыраць асартымент.

На апаратнай нарадзе таксама абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі і правядзення святаў вёсак, прыёму грамадзян, будаўніцтва, утрымання дарог.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *