Пакуль дазваляе надвор’е, ёсць магчымасць навесці парадак

Важное Грамадства

З заканчэннем лета кожны ў сваім двары, на прысядзібным участку наводзіць парадак, каб не заставалася на зіму куч смецця, раслінных адыходаў, пустазелля. Тады і вясну сустракаць спакайней і больш радасна: пасля раставання снегу вачэй не коле недагледжаная тэрыторыя.

У раёне быў аб’яўлены месячнік, на працягу якога наводзіўся парадак у парках і на вуліцах, у дварах і на падведамасных тэрыторыях. Прадстаўнікі арганізацый райцэнтра выязджалі ў вёскі і сельгаспрадпрыемствы, аказвалі дапамогу ў правядзенні работ. А на мінулым тыдні прайшоў раённы суботнік.

Трэба адзначыць, што маштабныя суботнікі праводзяцца не толькі ў нас, у Беларусі. Гэтую ідэю падхапілі актывісты Сусветнай акцыі «Ачысцім планету ад смецця» («Мы чысцім свет»), якую ўпершыню правялі ў верасні 1993 года. Тады жыхары Аўстраліі масава выйшлі на ачыстку акіянскіх пляжаў. Паступова да такой акцыі далучыліся іншыя краіны, і на сёння ў ёй удзельнічаюць ужо мільёны добраахвотнікаў з 100 дзяржаў свету. Жыхары розных кантынентаў спецыяльна выдзяляюць тыдзень восенню, каб прыбраць смецце ў родным горадзе, альбо накіроўваюцца з экалагічнымі мэтамі ў нейкую іншую кропку планеты.

З кожным годам чалавецтва ўсё больш становіцца «грамадствам спажыўцоў». На кожнага жыхара Зямлі ў сярэднім у год затрачваецца каля 20 тон сыравіны, большая частка якой (да 97%) ідзе ў адходы, што нараджае горы смецця.

«Чалавецтва не загіне ў атамным кашмары, яно задыхнецца ва ўласных адыходах», – сказаў калісьці вядомы фізік Нільс Бор. У нашых сілах зрабіць так, каб словы вучонага не сталі прароцкімі. Пакуль дазваляе надвор’е, ёсць магчымасць навесці парадак, неабходна гэта зрабіць, каб радаваў вока восеньскі пейзаж.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *