Паштоўкі разлятаюцца па свеце

Главное Грамадства

Сёння, у эпоху глабальнай камп’ютарызацыі, калі інтэрнэт замяніў нам многае, пошта як сродак камунікацыі, здавалася б, павінна адысці на другі план. Ужо, згадзіцеся, можна і пісьмо не ўкладваць у канверт, і газету пачытаць на сайце. Але варта зайсці ў паштовае аддзяленне, каб упэўніцца ў адваротным: кліентаў там хапае. Гэтая галіна даўно вый-шла за межы класічных паслуг, а значыць, на лаўрах у віхуры сучасных тэхналогій не спачывае – дзейнічае па-наватарску.
– Каб заваяваць давер кліентаў, стараемся ісці па шляху імклівага развіцця і ўдасканалення, перспектыўных пачынанняў. Сёння мы прапаноўваем брагінчанам больш за 50 відаў паслуг. Прычым не толькі профільных, але і дадатковых. Сам час прад’яўляе пошце новыя патрабаванні, і яна змяняецца разам з жыццём: становіцца больш мабільнай, дынамічнай, хуткай, пашырае спектр паслуг і ўдасканальвае формы работы, – адзначае начальнік паштовага аддзялення сувязі “Брагін-2” Хойніцкага РВПС Вікторыя ВАШЧАНКА.
Цікава: а якімі навінкамі апошняга часу ўжо актыўна карыстаюцца мясцовыя жыхары? У прыярытэце, як заўважае Вікторыя Віктараўна, перасылка дакументаў, тавараў і падарункаў адпраўленнем “Камфорт”. Яго перавага ў тым, што атрымальнік можа выбраць найбольш зручны для сябе час уручэння пісьма ці пасылкі, а адпраўшчык інфармуецца аб дастаўцы з дапамогай SMS-паведамлення.
Не меншай папулярнасцю таксама карыстаюцца адпраўленні са спецыяльнай адзнакай “1 клас”. Іх плюс – у прыярытэце пры сартыроўцы і больш хуткай перасылцы, шлях якой ёсць магчымасць адсачыць на сайце.
Яшчэ адна даволі запатрабаваная паслуга – “Паштовы кур’ер”. Гэта, па-першае, прыём дакументаў і тавараў на даму ці ў офісе, іх упакоўка, адрасаванне і аказанне іншых відаў дадатковых паслуг. Па-другое, дастаўка паштовых адпраўленняў, бланкаў строгай справаздачнасці, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, паштовай прадукцыі і тавараў спажывецкага ўжытку, заказаных у інтэрнэт-магазіне РУП “Белпошта”.
Не страчвае сваіх пазіцый служба паскоранай пошты (EMS). Актыўна падтрымліваецца і рух пасткросінга.
Здавалася б, у эру сацыяльных сетак і стасункаў з дапамогай смайлікаў адпраўленне паштовак страціла актуальнасць. Ды не: імі абменьваецца вялікае мноства людзей з усяго свету. І гэта – дзякуючы створанаму ў 2005 годзе анлайн-праекту, аўтарам якога з’яўляецца партугальскі праграміст Паола Магаляэш. Пасткросінг, альбо абмен паштоўкамі, аб’яднаў жыхароў усёй планеты і заклікаў іх быць добрымі суседзямі. Тым больш што з дапамогай такога захаплення можна пазнаёміцца з людзьмі з розных куточкаў Зямлі, з іх традыцыямі, культурай, асаблівасцямі тых ці іншых мясцін, расказаць пра сябе і сваю краіну. І каб далучыцца да гэтай каманды, дастаткова мець камп’ютар і электронную паштовую скрыню, зарэгістравацца на сайце www.роstсrоssіng.соm. Адрас, на які трэба адправіць паштоўку, выдаецца сістэмай, а ваш камусьці выпадзе, калі маляўнічае пасланне з прывітаннем будзе атрымана. Беларусь, дарэчы, уваходзіць у дзясятку лідараў па колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў – аматараў пасткросінгу і ліку адпраўленняў.
Хто пасля гэтага скажа, што традыцыйныя віды сувязі адміраюць? Яны проста інтэгруюцца ў новыя сродкі камунікацыі.
Паскараць і ўдасканальваць працэс абслугоўвання кліентаў і разлікаў з імі дапамагае сучасная комплексная сістэма паштовай сувязі. Аддзяленне на сёння абсталявана счытвальнікамі банкаўскіх пластыкавых картак і штрыхкодаў, капіравальнай тэхнікай, плацёжна-даведачнымі тэрміналамі, электроннымі вагамі і табло. Для зручнасці і камфортнага знаходжання людзей усталявана зарадная станцыя для мабільных тэлефонаў, якой можна карыстацца бясплатна.
Зараз у аддзяленні на чале з Вікторыяй Віктараўнай працуе сем чалавек: яе намеснік, два аператары і чатыры паштальёны. Але колькасць тых, хто звязаў сваё жыццё з паштовай сувяззю Брагіншчыны, значна большая. Многія працуюць на сяле, дзе з’яўляюцца для сваіх аднавяскоўцаў універсальнымі спецыялістамі, жаданымі гасцямі ў дамах, а дзе – і адзінай сувяззю з цывілізаваным светам.
Пачынаецца новы дзень – і зноў на свае маршруты выходзяць паштальёны, адчыняюцца дзверы аддзяленняў сувязі, куды спяшаюцца наведвальнікі. Пошта, як і ва ўсе часы, добрасумленна служыць лю-дзям.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *