Плённа працаваць сёння і думаць пра заўтра

Важное Официально

Чарговую апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан пачаў з аналізу паказчыкаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, сітуацыі на фермах і комплексах. Гэтым пытанням надаецца асаблівая ўвага і на абласным узроўні. Спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы па чарзе наведваюць раёны, дэталёва вывучаюць сітуацыю на месцах, глядзяць, як арганізаваны працэс даення і кармлення, даюць ацэнку дзейнасці ўсіх службаў. Дарэчы, падвядзенне вынікаў потым праходзіць з удзелам старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя. “Бярыцеся за работу, – яшчэ раз нагадаў аграрыям Аляксандр Васільевіч, – трымайце на кантролі навядзенне парадку”.
Хвалюе кіраўніка не толькі стан спраў у жывёлагадоўчай галіне, але і кармавая база. Ён намаляваў спецыялістам і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў нярадасную перспектыву заўтрашняга дня, якая можа быць, калі не прыняць ніякіх мер зараз. Паколькі сёлета на ўмоўную галаву назапашана менш кармавых адзінак, чым патрабуецца, неабходна прадухіліць магчымае галаданне жывёлы вясной. На тых участках, дзе наўрад ці атрымаюць ураджай рапсу, варта падсеяць азімае жыта. Палі ўсё роўна будуць гуляць да вясны, да мая, няхай расце тут азіміна на страўліванне жывёле. Будзе зялёная маса – будзе і малако, – падкрэсліў кіраўнік раёна. Каб высветліць, ці сапраўды азімыя размешчаны на тых плошчах, якія ўказаны ў справаздачах, Аляксандр Васільевіч разам са спецыялістамі насеннай інспекцыі аб’едзе ўсе гаспадаркі.
Перад аграрыямі ён паставіў задачу да 25 кастрычніка ўпарадкаваць усю салому. Фронт работ на вёсцы звужаецца, можна выдзеліць адзін трактар на прасаванне грубага корму, другі – на адвозку.
Усіх нас чакае важная палітычная кампанія – выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. На некаторых выбарчых участках Аляксандр Кохан ужо пабываў і пераканаўся, што не ўсе яны належным чынам падрыхтаваны. У бліжэйшыя дні старшыні сельвыканкамаў павінны навесці там парадак.
Адна з вострых праблем – своечасовая выплата заработнай платы. Асабліва ў арганізацыях, якія лічацца партнёрамі хлебаробаў: ААТ “Брагінаграсэрвіс” і ПМС. Высветлілася, што над вырашэннем яе эканамісты не задумваліся. А крыніцы дадатковых заробкаў ёсць, і кіраўнік раёна ўказаў на іх. Гэта вываз і дастаўка мінеральных угнаенняў, раскарчоўка садоў, вапнаванне і інш. Неабходна толькі праяўляць ініцыятыву і не быць пасіўнымі.
Што выявіла мабільная група, якая пабывала ў ААТ “Малажынскі”, праінфармаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец.
Аб сітуацыі з пажарамі, дзейнасці наглядальных камісій, маніторынгу выбарчых участкаў расказаў начальнік РАНС Віктар Марчанка. Па яго словах, у Камарыне заўвагі былі зроблены адносна дзвюх печаў, які не гатовы да ацяпляльнага сезона.
Вада ў Дняпры паднялася на восем сантыметраў.
Выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін прывёў такую статыстыку: на нумар 102 паступіла 53 паведамленні, якія патрабавалі выезду на месца супрацоўнікаў міліцыі. Па факце крадзяжу з дачы ўзбуджана крымінальная справа. 17 кастрычніка жанчына паведаміла аб тым, што яе грамадзянскі муж пайшоў па грыбы і знік. На шчасце, той знайшоўся. Работнікі ДАІ склалі на парушальнікаў Правілаў руху 33 пратаколы, у іх ліку – пяць пешаходаў і веласіпедыст.
Каб аграгарадок Малейкі атрымаў статус “Вёска будучыні”, неабходна правесці капітальны і бягучы рамонт школы, дзіцячага сада, сельскага дома культуры, ФАПа, іншых аб’ектаў, палепшыць якасць вады, “апрануць” у асфальт вуліцы Маладзёжную, Заводскую, Новую, удасканаліць вытворчую сферу і дзейнасць прадпрымальнікаў. Аляксандр Кохан даў даручэнне арганізацыям і службам, якіх гэта датычыцца, распрацаваць адпаведныя планы і мерапрыемствы і прыступіць да іх рэалізацыі.
Падводзячы вынікі раённага суботніка, завастрыў увагу на добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Менавіта сюды неабходна ехаць у наступны раз, каб навесці парадак на вуліцах і могілках вёсак.
На апаратнай нарадзе закранулі таксама пытанні восеньскіх кірмашоў, выканання прагнозных паказчыкаў, работы адміністрацыйнай камісіі, падрыхтоўкі да свята “Дажынкі” і інш.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *