Шчодры гектар і важкія надоі – задачы рэальныя

Важное Официально

Чарговую апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан пачаў з абмеркавання пытанняў ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ. Праходзіць месячнік, а станоўчых змен у знешнім выглядзе тэрыторый няшмат. Гэта датычыць і райцэнтра, і сельскіх населеных пунктаў, і вытворчых тэрыторый ААТ. “Работы паскорыць, больш актыўна займацца пасадкай дрэў, у суботу таксама арганізаваць калектывы і папрацаваць”, – даручыў Аляксандр Васільевіч. Патрэбна прывесці ў парадак дарогі і прыдарожныя палосы ў лясах, прыпыначныя павільёны, палі вакол райцэнтра, землі, што вызваляюцца пасля зносу дамоў – накірункаў шмат і заняцца ёсць чым.
Пытанні АПК не становяцца менш актуальнымі. Маруднымі тэмпамі вядзецца сяўба азімых, якую на днях патрэбна завяршыць. Так, у ААТ “Малажынскі” на 7 кастрычніка пасеяна толькі каля 60% плошчаў. У большасці гаспадарак работа не арганізавана належным чынам: тэхніка не задзейнічана ўвесь светлавы дзень, выязджае ў поле позна, вяртаецца на мехдвор рана. Няма і кантролю за ходам і якасцю пасяўной кампаніі: на полі абавязкова павінны прысутнічаць спецыялісты ААТ. Восень – час закладкі падмурку ўраджаю, а значыць, і дабрабыту таварыстваў у цэлым, і кожнага працаўніка паасобку. Нельга проста адседжвацца ў кабінетах. Сёлета ўраджай недаатрымалі, але мінулагоднія памылкі ўлічваюць не ўсе, і тэрміны зацягваюць. Недаравальна расціць пусты колас, з якога атрымаем менш, чым укладзём у яго.
Напружаны час і ў ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ – пераход на зімова-стойлавае ўтрыманне. Яшчэ раз прааналізаваць рацыёны кармлення, не дапусціць страт прываг і надояў, і галоўнае – зменшыць паморак і невытворчае выбыццё жывёлы, – такія задачы паставіў кіраўнік раённай вертыкалі перад заатэхнічнай і ветэрынарнай службамі.
Чаму адно і тое ж пытанне насельніцтва ўздымае зноў? Гэта датычыць змен у аўтобусных маршрутах і заезду грамадскага транспарту ў вёску Бярозкі. Як растлумачыла начальнік аддзела эканомікі Людміла Шахніцкая, адпаведны запыт будзе накіраваны ў аблаўтатранс. “Больш вынікова і мэтанакіравана патрэбна вырашаць пытанні, якія ўздымаюцца падчас сустрэч і прыёмаў грамадзян. Ды і самі формы работы выкарыстоўваць больш актыўна. У першую чаргу – сельскія сходы”, – даручыў Аляксандр Кохан.
Стан міні-палігонаў для бытавых адыходаў у некаторых населеных пунктах пакідане жадаць лепшага. Непрывабны малюнак у Верхніх Жарах, Асарэвічах, а ў Дубліне смеццезвалка пачынае займаць усё большую тэрыторыю. Начальніку інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксею Гардзейчыку даручана пракантраляваць навядзенне парадку, калі неабходна, прымяняючы меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Як паведаміў выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін, за тыдзень на нумар 102 паступіла 44 паведамленні, узбуджаны дзве крымінальныя справы. Падчас рэйдавых праверак у АПК выяўлены крадзеж рулона саломы ў ААТ “Імя Жукава”. Па лініі ДАІ складзена шаснаццаць адміністрацыйных пратаколаў, затрыманы п’яны вадзіцель.
Віктар Марчанка, начальнік РАНС, праінфармаваў: за тыдзень пажараў не здарылася. Актыўна вядзецца прафілактычная работа, працуюць наглядальныя камісіі. Вялікая ўвага надаецца пячному ацяпленню. А ў апошнія тыдні сканцэнтравана яна і на газавых прыборах, спраўнасці вентыляцыйных сістэм.
Аб ВЫКАНАННІ ПРАГНОЗНЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ і стварэнні новых працоўных месцаў гаварыла начальнік аддзела эканомікі Людміла Шахніцкая.
На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні раскарчоўкі старых садоў, перазалужэння, дзейнасці мабільнай групы, правядзення раённых дажынак, работы дыспетчарскай службы КЖУП “Брагінскае”.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *