У Брагінскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” – новы лідар

Главное Грамадства

У раённай арганізацыі ГА “БРСМ” – новы лідар. З 1 кастрычніка абавязкі першага сакратара выконвае Дар’я Сніцарэнка.
Лідар – гэта чалавек, які з лёгкасцю вядзе за сабой людзей, моцны духам і мэтанакіраваны, актыўны і камунікабельны. Такой бачыць сябе на гэтай пасадзе Дар’я Пятроўна, якая пакуль што ўваходзіць у курс справы і знаёміцца з новым полем дзейнасці.
У 2017 годзе, пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя Шамякіна па спецыяльнасці “біялогія і хімія”, Дар’я Сніцарэнка працавала ў Мінскім дзяржаўным абласным каледжы. Ва ўстанове адукацыі займала пасаду майстра вытворчага навучання. Паралельна з’яўлялася сакратаром мясцовай пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”, аб’ядноўваючы агульнымі ідэямі і навучэнцаў, і працоўную моладзь.
Праз год ураджэнка Чамярыс вярнулася на родную Брагіншчыну. Яе новым месцам працы стаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Метадысту па ахове правоў дзяцінства даводзілася часта сустракацца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія пражываюць у нядобранадзейных і прыёмных сем’ях, аказваць ім рознага віду дапамогу.
Да абавязкаў першага сакратара раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дар’я Пятроўна прыступіла з 1 кастрычніка. За няпоўныя два тыдні, вядома, яшчэ не паспела ўнікнуць ва ўсе справы, але планы на бліжэйшую будучыню ўжо акрэсліла выразна. У ліку запланаванага – знаёмства з пярвічнымі арганізацыямі, актывізацыя работы з сельскай моладдзю, прыцягненне ў рады аб’яднання новых членаў. Ну і, вядома ж, не застанецца ў баку саюз моладзі ад важнай палітычнай кампаніі – выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Восем чалавек ад БРСМ увайшлі ў склад участковых выбарчых камісій, зараз фарміруецца каманда назіральнікаў.
Дзейнасць ГА “БРСМ” накірава-на ў першую чаргу на тое, каб дапамагчы маладым людзям знайсці сваё месца ў жыцці, стварыць для іх спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця. Таму далучайцеся! А калі ёсць ідэі, як правесці вольны час цікава і з карысцю, дзяліцеся імі. Як запэўніла Дар’я Сніцарэнка, у раённай арганізацыі саюза моладзі падтрымаюць усе добрыя пачынанні і ініцыятывы.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *