Валянціна Герда з Брагіна ў панядзелак атрымае ордэн Маці

Главное Грамадства

Высокай дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Маці – у нашым раёне адзначаны 26 жанчын. У панядзелак, 14 кастрычніка, знак мацярынскай доблесці ва ўрачыстых абставінах атрымае яшчэ адна брагінчанка – Валянціна Герда. Статус мнагадзетнай сёлета атрымалі 28 сямей.

Валянціна Васільеўна нарадзіла трох сыноў і дзвюх дачок. Старэйшы Усцім пасля заканчэння Гомельскага каледжа атрымаў запатрабаваную ў наш час прафесію тэхніка-тэхнолага зварачнага абсталявання. Пасля арміі вярнуўся ў родныя мясціны, стварыў сваю сям’ю. Жыве і працуе ў Брагіне. Багдан зараз праходзіць тэрміновую службу, ён ужо малодшы сяржант. Сын Валянціны Васільеўны стаў добрым салдатам, надзейным абаронцам Айчыны. Яна заўсёды чакае яго дадому з нецярплівасцю, рыхтуе любімыя стравы. Прыязджае яе танкіст часта, за час службы восем разоў атрымлі-ваў кароткатэрміновыя водпускі на тры дні. Як пажартаваў муж Ігар, “увольнительные”.

Сэрца матулі перапаўняў гонар за Багдана, сваю сям’ю, калі ў час прысягі руку яму паціснуў міністр абароны Андрэй Раўкоў. Пра гэта ў армейскай газеце “Во славу Родины” напісалі, а здымак маладога байца з міністрам упрыгожыў першую паласу выдання. Захоўвае яго жанчына як самую дарагую рэліквію. На Дзень маці яе запрасілі ў часць, каб выказаць словы падзякі за выхаванне такога сына.

Да арміі ён, пасля заканчэння каледжа, працаваў у Мінску. Стаць машыністам электрычкі – даўняя мара Багдана. Але перш чым самастойна павядзе састаў, давядзецца пяць гадоў пабыць памочнікам. Гэта не палохае нашага земляка, як і высокія патрабаванні да тых, каму даверана перавозіць людзей. У сабе, сваіх ведах упэўнены.
Разам з мужам Валянціна Васільеўна выхоўвае дзвюх дачок і сына. Старэйшая Любава вучыцца ў пятым класе, малодшая Сафія – у другім. Любімцу і пестуну Ягорку яшчэ пяць гадоў, ён разам з клапатлівай і ласкавай матуляй знаходзіцца дома. Як расказала мая гераіня, усе трое не наведвалі дзіцячыя ўстановы. Не спадабалася ў садку і Ягорку. Хлопчык, пабыўшы там некалькі гадзін, філасофскі заўважыў: “Больш не пойдзем, нам там няма чаго рабіць”…

У сям’і пануе добразычлівая, спакойная атмасфера, уся энергія дарослых накіравана на стварэнне вакол кожнага дзіцяці атмасферы любо
ві і ўзаемаразумення. «Мы робім усё і нават крышачку больш, каб нашы дзеці выраслі добрымі, спагадлівымі і шчырымі людзьмі, творчымі асобамі, – дзеліцца сакрэтамі сямейнага выхавання шчаслівая маці, якая штодня радуецца новым поспехам і дасягненням сваіх нашчадкаў. Дзяўчынкі наведваюць дзіцячую школу мастацтваў, займаюцца харэаграфіяй, авалодваюць ігрой на баяне, фартэпіяна. Любава прымала ўдзел у фестывалі “Зорная карусель”. Як і яе сястра, актыўна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, добра вучыцца.

У спадарожніка жыцця Валянціны – залатыя рукі. Рамонт у доме (дарэчы, выкананы з густам), выраб цацак, нават веласіпедаў – усё, за што возьмецца, атрымліваецца. У дзяцей ёсць выдатныя ўмовы, каб творча развівацца, займацца любімай справай, а галоўнае – адчуваць сябе жаданымі і любімымі. З імі раяцца, улічваюць іх запыты, хаця пры гэтым ні ў чым не патураюць, праяўляюць строгасць, калі размова заходзіць пра выкананне дамашняга задання ці наведванне школы мастацтваў. Туды дзяўчатак жанчына адводзіць і забірае разам з Ягоркам.

Любоў маці – пачуццё вельмі складанае і няпростае. Бо выхаванне дзіцяці – гэта не толькі такія клопаты, як накарміць, апрануць, даць яму адукацыю. Але ёсць і іншыя, больш ёмістыя абавязкі, у прыватнасці стаць духоўным настаўнікам для сваіх сыноў і дачок. Валянціна гэта разумее і стараецца быць такой і для старэйшых, і для малодшых. Яна сама займаецца з імі, разам асвойвае камп’ютар, цікавіцца сучаснымі гульнямі, якія патрабуюць лагічнага мыслення і кемлівасці.

Што мяне больш за ўсё ўразіла – і Ігар, і Валянціна – прыхільнікі здаровага і збалансаванага харчавання. У агародзе вырошчваюць гарбузы, кабачкі, пацісоны, з якіх гатаюць смачныя стравы. Бульба тут не ў пашане. І баршчы, і супы яна варыць з гарбузом. Муж займаецца садаводствам, раней трымаў свіней, а калі ўзнікла пагроза афрыканскай чумы, адмовіўся ад гэтага занятку. Разам бацькам і дзецям цікава, весела. Атмасфера любові, якая пануе ва ўтульнай кватэры, сагравае не толькі тых, хто жыве тут, але і гасцей, сяброў. Яны прыходзяць сюды, каб сагрэцца цяплом дамашняга ачага, адчуць радасць ад сустрэчы з людзьмі, якія матэрыяльным каштоўнасцям супрацьпастаўляюць духоўныя, якія ўмеюць радавацца жыццю і дзяліцца гэтым пачуццём з іншымі.

З днём Маці Вас, паважаная Валянціна Васільўна! Моцнага здароўя Вам і Вашым родным і блізкім, душэўнага спакою, дастатку і міру ў доме. Няхай дзеці будуць паспяховымі, радуюць Вас новымі дасягненнямі, створаць такія ж шчаслівыя і дружныя сем’і. Няхай кожны дзень для Вас гучаць словы захаплення і любові. Дзякуй за мацярынскі подзвіг, за дастойных грамадзян нашай краіны, якіх выхоўваеце.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *