Вытворчасць малака і мяса гаспадаркі раёна не знізілі

Сельское хозяйство

За дзевяць месяцаў гаспадаркі раёна атрымалі 23 378,8 тоны малака, што на ўзроўні мінулага года. А вось у ААТ “Пераможнік” яго вытворчасць склала 109% (надоена 3309,3 тоны), у “Чамярыскім – 108% (3887,2 тоны), “Брагінскім” – 107% (3689,8 тоны). Не дапусцілі спаду прадукцыі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Імя Жукава” і “Малажынскі”. У аўтсайдарах з пачатку года “Брагінка” і “Камарынскі”. У верасні сельгасвытворцы выйшлі на 101% па вытворчасці малака, а “Пераможнік” – на 114%, “Чамярыскі” – на 112%.

Калі браць надой у разліку на карову, атрымаем наступнае: пры тым, што камарынцы сёлета знізілі прадуктыўнасць жывёлы на 932 кілаграмы, лідарства яны пакуль утрымліваюць (4275 кг пры сярэднераённым паказчыку 3505). Хаця працаўнікі ферм “Чамярыскага” ім, вобразна кажучы, наступаюць на пяткі, надаіўшы па 4127 кілаграмаў. Дарэчы, толькі гэтыя два сельгаспрадпрыемствы перасягнулі чатырохтысячны рубеж, а “Малажынскі” не дацягнуў і да трох тысяч. Ад кожнай каровы тут надоена па 2816 кілаграмаў малака, што не намнога, але менш мінулагодняга.

Крыху не хапіла жывёлаводам раёна, каб выйсці на ўзровень 2018-га па продажы малака: на перапрацоўку яго адпраўлена 20 690,6 тоны (99,8%). Хто змог павялічыць вытворчасць прадукцыі за дзевяць месяцаў, у таго і працэнт рэалізацыі большы. Маюцца на ўвазе “Пераможнік”, “Чамярыскі” і “Брагінскі”.

На жаль, здалі пазіцыі нашы вытворцы і па таварнасці малака: мінус 0,5%. У “Камарынскім” і “Пераможніку” яна склала 91,9%. Становішча крыху паправілі ў верасні, ліквідаваўшы адставанне.

Прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы атрымалі столькі ж, колькі і летась, калі больш канкрэтна – 2973 тоны.

Першынство утрымліваюць камарынцы (671,8 тоны, або 103%). На такі ж працэнт па вытворчасці мяса выйшлі і аператары па адкорме “Малажынскага”. Знізілі яе “Пераможнік” і “Чамярыскі”, і не толькі за дзевяць месяцаў, але і ў верасні.

Найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі, як і ў папярэднія месяцы, у ААТ “Чамярыскі” – 706 грамаў. На другім месцы – “Брагінскі” (663 грамы), трэцім – “Камарынскі” (628 грамаў).

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Сніцарэнка, жывёлагадоўчыя памяшканні да стойлавага перыяду адрамантаваны і падрыхтаваны. З першага кастрычніка грамадскія статкі пераведзены на зімовы рацыён кармлення. На выгульнай пашы пакуль знаходзяцца цёлкі і жывёла мясных парод. Робіцца ўсё для таго, каб у халодны перыяд атрымаць запланаваную колькасць прадукцыі і завяршыць год з добрымі паказчыкамі.

Ніна СНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *