Загадчыца Хракавіцкага дзіцячага сада Валянціна Цалуйка: ад нянькі да кіраўніка

Главное Грамадства

Кожная ўстанова дашкольнай адукацыі – гэта не проста будынак, дзе дзеці павінны перачакаць час работы бацькоў, а асаблівы, напоўнены дабрынёй і прыгажосцю, творчасцю і радасцю свет. Менавіта такой яе робяць людзі, якія тут працуюць.

Каб стварыць утульнасць, камфорт і атмасферу цеплыні для сваіх выхаванцаў, калектыў Хракавіцкага дзіцячага сада знаходзіцца ў пастаянным пошуку. А яго загадчыца Валянціна Цалуйка ніколі не пакідае без увагі цікавыя ідэі, прапановы сваіх падначаленых. І сама імкнецца выклікаць у іх хвалю актыўнасці, працавітасці, асабістай стараннасці. Кожнае рашэнне тут прымаецца калегіяльна, будзь то паляпшэнне эстэтычнага выгляду памяшканняў ці добраўпарадкаванне тэрыторыі. Узнікла задума? Патрэбна прывесці важкія аргументы, што гэта сапраўды патрэбна і рэальна ажыццявіць. Ёсць праблемы на шляху да мэты? Важна ўсё ўзважыць, прааналізаваць і знайсці выйсце, убачыць перспектыву.

“У кожнай справе, наколькі б складанай яна ні была, мы не чакаем дапамогі аднекуль збоку, – прыкмячае Валянціна Мікалаеўна, – а разлічваем толькі на ўласныя сілы”. Так, дарэчы, было і пры правядзенні касметычнага рамонту. Каб зарабіць на яго грошай, разам удзельнічалі ў лесапасадках, нарыхтоўвалі другасную сыравіну. Гэта дазволіла абнавіць два памяшканні. І яшчэ столькі ж – у планах, на дасягнутым калектыў не спыняецца. Ён настроены на руплівую працу, якая прыносіць толькі пазітыўныя змены і дазваляе радавацца агульнаму поспеху.

Штогод уносіцца нешта новае, адметнае і ў абсталяванне тэрыторыі, яна – своеасаблівая візітная картка ўстановы. Пры стварэнні адукацыйнай і развіваючай прасторы выкарыстоўваецца кожны куточак, прадумваецца яго афармленне, тэматычная накіраванасць. Усё павінна спрыяць замацаванню ўяўленняў дзяцей аб прыродзе, правілах паводзін, фарміраваць эстэтычныя адносіны да свету.

Быць кіраўніком, вядома, вялікая адказнасць і майстэрства. Але Валянціна Мікалаеўна лічыць: калі ў калектыве адчуваецца разуменне і падтрымка, справіцца з гэтай задачай па сілах. І работа ладзіцца, і цяжкасці адступаюць. Ды ці ведала яна ў свае юнацкія гады, што стане менавіта педагогам і нават узначаліць установу? Перавагу тады аддала зусім іншай галіне.

Першапачатковым месцам працы выпускніцы Віцебскага культурна-асветніцкага вучылішча, ураджэнкі Рэчыцкага раёна стаў Вуглоўскі СДК, куды яна была накіравана па размеркаванні. А потым, са з’яўленнем сям’і, уладкавалася мастацкім кіраўніком у Савіцкі дом культуры, па месцы жыхарства мужа. Давялося, як і многім землякам, перажыць цяжкасці і нягоды, звязаныя з чарнобыльскай навалай. Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, у маладой пары ўжо падрастаў паўгадавы сын. Таму на нейкі час маці з малым накіравалася да сваякоў у Цюменскую вобласць, падалей ад небяспекі.

Паследкі тэхнагеннай катастрофы ўно-сілі свае карэктывы ў жыццё і працоў-ную дзейнасць большасці людзей Бра-гіншчыны. Так атрымалася, што з пачатку 90-х сям’я Валянціны Мікалаеўны стала пражываць у Хракавічах, дзе ім выдзелілі дом. Муж застаўся ў сельскагаспадарчай галіне. А вось установы культуры, дзе б яго жонка і далей магла рэалізоўваць сябе ў прафесіі, у вёсцы не было. Згадзілася на прапанову пайсці нянькай у дзіцячы садок. І не пашкадавала.

Любові, увагі і клопату, душэўнай цеплыні хапала на ўсіх: і на выхаванцаў, і на сваіх дзяцей. Валянціна Мікалаеўна – маці трох сыноў. І сама, дарэчы, з мнагадзетнай сям’і, дзе заўсёды панавалі ўзаемадапамога, спагада, шчырасць пачуццяў. Таму ў дашкольнай установе адразу ж адчула сябе як рыба ў вадзе. Завочна закончыла Гомельскі педагагічны каледж, што дазволіла ёй стаць выхавальніцай, а потым – і Мазырскі ўніверсітэт. Ужо дваццаць гадоў, як узначальвае дашкольную ўстанову ў Хракавічах. І за гэты час упэўнілася: што б мы ні планавалі, пра якую б будучыню ні марылі, галоўнае ў ёй – дзеці. Іх усмешкі, адкрытыя позіркі, няўрымслівасць саграваюць душу і натхняюць на добрыя справы. Гэта тое, дзеля чаго варта старацца, прыкладаць намаганні, нястомна працаваць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *