Жыві, мама, доўга жыві

Важное Грамадства

У мінулую нядзелю я ездзіў праведаць сваю маці ў Магілёў. “На зыходзе жыцця стала гараджанкай”, – жартуе яна, хоць нарадзілася і жыла ў вёсцы Рудня Жураўлёва Брагінскага раёна.
Маёй матулі, Таццяне Іванаўне Цярэшчанцы, ужо 89 год. Яна для мяне не проста жанчына, якая нарадзіла, яна для мяне святы Чалавек: добрая, шчырая, працавітая, клапатлівая, справядлівая… У яе – чацвёра дзяцей, зяці, нявестка, 9 унукаў і 7 праўнукаў.
Калі мы размаўлялі, яна ўвесь час трымала мяне за руку сваёй маленькай, высахлай, але цёплай рукой і ўсё гаварыла, гаварыла… А на маршчыністым твары ззялі блакітныя вочы. Колькі ўсяго яны пабачылі на жыццёвым шляху. Гэта і вайна са спаленай вёскай, і пасляваенны голад, і цяжкая ручная праца ў калгасе, і Чарнобыль…
Віншую ўсіх матуль роднай Брагіншчыны з Днём маці! Шчасця, даўгалецця, міру і дабра, а галоўнае – клопату і любові ад вашых дзяцей.

Дзякуй, мама
Я зноў гляджу на маміны далоні,
І позірк заклапочаны лаўлю.
Мама, у цябе даўно сівыя скроні,
І я цябе мацней люблю.
Скажу ёй шчыра:
“Дзякуй за цярплівасць,
Трывожную бяссоніцу начэй”.
Скажу ёй цёпла:
“Дзякуй за сардэчнасць,
За ласкавы свет
задумлівых вачэй”.
Я зноў гляджу на маміны далоні, –
На іх жыццё нібыта адцвіло.
«Дзякуй і люблю, – скажу ёй сёння,
Каб заўтра позна не было.

Сон
Праменьчык сонца
пракраўся ў вакенца,
Як зайчык скача па хаце,
Скрыпнула масніца ў сенцах…
Аднекуль вярнулася маці.
Вока ўжо адно адкрылась,
Другое спаць яшчэ хоча,
Цікава, што сёння
мне снілась?…
А маці ля печы хлапоча:
Напэўна, пячэ аладкі,
А можа, смажыць сала
Ці дастае агуркі з кадкі?..
І на душы бадзёра так стала –
Гэта ж маці мне
сёння прыснілась!
Маладая,
у васільковай сукенцы,
Расою празрыстай умылась,
Усміхаецца мне праз вакенца.

З павагай,
Аляксандр Цярэшчанка
з Рудні Жураўлёвай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *