10 лістапада — Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС

Грамадства

Калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў на чале з Аляксандрам Антоненкам (у цэнтры). Сярэдзіна 90-х. Фота з архіва РАУС.


У Беларусі Дзень міліцыі з 1994 года святкуецца 4 сакавіка. Аднак для ветэранаў органаў унутраных спраў блізкай застаецца дата 10 лістапада, калі адзначаўся Дзень савецкай міліцыі. Сёння яна вядома як Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС.

На ўсіх этапах развіцця СССР міліцыя добрасумленна выконвала ўскладзеныя на яе абавязкі, нягледзячы на вострыя, нярэдка драматычныя падзеі, якія адбываліся ў краіне. Ва ўсе часы ў яе радах было нямала высокакваліфікаваных спецыялістаў, для якіх паняцці абавязку, гонару, справядлівасці з’яўляюцца не проста словамі, а справай жыцця.

Вядома, распад Савецкага Саюза выклікаў палітычную нестабільнасць у краіне і крызіс у эканоміцы. І ў той перыяд адным з баяздольных органаў улады таксама заставалася міліцыя, якая не дапусціла разгулу злачыннасці.

Вопыт старэйшых калег, якія перажылі ўсе цяжкасці і складанасці службы, бясцэнны. І сёння самае галоўнае – не губляць сувязь пакаленняў. Як запэўніў намеснік па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні начальніка РАУС Сяргей Брыцько, моладзь ведае, памятае і бярэ прыклад са сваіх папярэднікаў, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Дарэчы, многія з іх па-ранейшаму ў страі. Змяніўшы міліцэйскую форму на грамадзянскае адзенне, ветэраны органаў унутраных спраў працягваюць займаць актыўную жыццёвую пазіцыю.

– Дата 10 лістапада – гэта даніна павагі старэйшаму пакаленню вартавых правапарадку, людзям, якія прысвяцілі сваё жыццё самаадданаму і сумленнаму служэнню Айчыне, – гаворыць Сяргей Андрэевіч. – Ад імя калектыву РАУС віншую ўсіх са святам. Жадаю моцнага здароўя, даўгалецця, шчасця і дабрабыту.

Да віншаванняў далучаецца маёр міліцыі ў адстаўцы Сяргей Музычэнка, які з 2018 года ўзначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю РАУС. Калегам, побач з якімі некалі служыў, Сяргей Анатольевіч жадае аптымізму, душэўнай раўнавагі і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *