Алё, я слухаю…

Важное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Думаю, не такая частая, але знаёмая многім сітуацыя: заходзіш у магазін ці павільён – а прадавец адначасова з выкананнем сваіх працоўных абавязкаў балакае па тэлефоне. Стаіш. Чакаеш. Спрабуеш звярнуць на сябе ўвагу. Але адрывацца ад размовы, па ўсім відаць, работнік гандлю не збіраецца. І абслугоўвае так, у перапынках паміж фразамі. Ці наадварот: пакупнік адказвае на званок у момант, калі набліжаецца чарга разлічвацца. А прадаўцу, які падсумоўвае кошт тавараў, агучвае грашовую суму, высвятляе нейкія іншыя патрэбы спажыўца, даводзіцца ўкліньвацца ў тэлефонны дыялог. У такія моманты міжволі задаешся пытаннем: што гэта? Адсутнасць культуры, непавага адзін да аднаго? Ці проста няведанне элементарных асноў тэлефоннага этыкету?

Згаджуся, што сёння цяжка ўявіць чалавека без мабільніка. Гэты сродак камунікацыі побач з намі ўсе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Забыўся пакласці ў кішэню, выходзячы з дома, – і ўжо адчуваеш сябе некамфортна. Нібы чагосьці не хапае. Больш таго, нават падкрадваецца трывога. А раптам менавіта ў гэты момант хтосьці не можа дазваніцца, паведаміць нешта надзвычай важнае, тэрміновае ці ўвогуле экстраннае. Тэлефон усё-такі дазваляе па некалькі разоў за дзень размаўляць з дзецьмі ці сябрамі, быць у курсе ўсіх спраў і падзей, што цікавяць, аператыўна рэагаваць на сітуацыю, якая не задавальняе. І ёсць у гэтым моры званкоў, бясспрэчна, сапраўды слушныя, неадкладныя. А колькі гучаць проста не да месца! Колькі часу, у тым ліку і працоўнага, адбіраюць нязначныя, пустыя і бессэнсоўныя размовы. І да таго ж многіх асоб, заўважу, не бянтэжаць грамадскія месцы, прысутнасць чужых людзей: гучна і эмацыянальна, часам з прымяненнем зняважлівых слоў абмяркоўваюцца сямейныя ці службовыя справы. Не бярэцца пад увагу, што іншым зусім не цікава (а калі і няёмка) слухаць падрабязнасці чыйгосьці асабістага жыцця, знаёміцца з чужымі працоўнымі праблемамі, быць сведкам высвятлення адносін. У падобных выпадках нават ствараецца ўражанне, што чалавек такім чынам хоча звярнуць на сябе ўвагу, паўстаць перад усімі актыўным дзеячам, падкрэсліць асаблівую значнасць сваіх клопатаў і турбот.

Прыгадалася, дарэчы, як падчас удзелу ў абласным семінары, што праходзіў на базе іншага раёна, мне проста не давялося пачуць у аўтобусе экскурсавода, які знаёміў гасцей з горадам. З аднаго боку – бясконцыя вырашэнні працоўных пытанняў па тэлефоне. З другога – планаванне такім жа чынам (відаць, з сяброўкай) будучых выхадных. Такая вось яна, наша “мабільная культура”.

Ці як вам: у разгары – пасяджэнне. Выступае дакладчык. А тут – з кішэні ці сумкі раздаецца гучная мелодыя. І добра, калі раз. Не выключана аналагічная сітуацыя на канцэрце ці нейкім іншым мерапрыемстве, якое патрабуе ад прысутных у зале ўвагі і цішыні. Выхаваны чалавек, на мой погляд, яшчэ напярэдадні настроіць свой тэлефон на адпаведны рэжым. У рэшце рэшт, на тое і існуюць этычныя нормы. А мабільная сувязь дыктуе свае ўмовы і правілы зносін. Напрыклад, не раздражняць і не перашкаджаць сваім балбатаннем іншым, не весці прыватныя размовы публічна. У пэўны момант – выключыць ці знізіць гучнасць, аддаць перавагу СМС-паведамленням, задумацца, ці варта ўвогуле менавіта зараз кагосьці турбаваць.

Шкада, што людзі, выкарыстоўваючы сучасныя зручнасці, забываюць пра элементарныя рамкі прыстойнасці і правілы, заснаваныя на ветлівасці, тактоўнасці, узаемапавазе.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *