Дняпроўскі плацдарм мужнасці

Главное Грамадства

Восень сорак першага. У савецкага народа – поўнае адзінства, высокі баявы дух і яснае разуменне: патрэбна вярнуць Радзіму, выйсці на ранейшую мяжу. А яна там, за паўнаводнай, велічнай, апетай паэтамі і музыкантамі ракой. Ніхто не пашкадуе ў барацьбе з ворагам ні жыцця, ні крыві. На тэрыторыі нашага краю разгорнецца адна з буйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны – за Днепр. За цаной не пастаялі
Магутная рака, маючы ў сваім сярэднім цячэнні вялікую шырыню і глыбіню, а ў дадатак яшчэ і высокі правы бераг, уяўляла сур’ёзную перашкоду для нашых наступаючых армій. Таму яе пераадоленне праходзіла ў цесным узаемадзеянні ўсіх родаў войск і авіяцыі. Знаходлі-васць і мужнасць праяўлялі салдаты і афіцэры інжынерных падраздзяленняў і часцей. Артылерысты сваім агнём падаўлялі варожую абарону і падтрымлівалі тых, хто перапраўляўся, а авіяцыя прыкрывала іх з паветра. Дапамогу аказвалі партызаны і жыхары вызваленых раёнаў Прыдняпроўя: рамантавалі да-рогі, аднаўлялі ўзарваныя масты, рыхтавалі сродкі для пераправы, дзейнічалі ў якасці праваднікоў.
Схільныя да паэтычных назваў сваіх умацавальных ліній, немцы назвалі пазіцыі на правым беразе Дняпра “Усходнім валам”. Па задуме, аб яго павінны былі разбіцца хвалі савецкіх войск, стомленых ад шматмесячнага наступлення, што дазволіла б Германіі не толькі атрымаць жаданую перадышку, але і ўмацаваць свой аўтарытэт у саюзнікаў, які моцна пахіснуўся пасля Сталінграда і Курскай дугі. Ды не ўлічылі фашысты, ствараючы, па іх меркаванні, неадольны бар’ер, галоўнага – велічы маральнага духу савецкага салдата, яго пякучую нянавісць да захопнікаў, несакрушальную веру ў Перамогу. І камандзіры, і байцы добра разумелі: Днепр патрэбна захапіць любой цаной.У гераічным летапісе
Пра ўсіх абаронцаў, подзвігі якіх яркім радком упісаны ў гісторыю бітвы за Днепр, не расказаць. Як і пра шматлікія змаганні. Але каб хоць некалькі ўявіць, што на нашай тэрыторыі адбывалася больш за 75 гадоў назад, прыгадаць маштаб той гераічнай падзеі, з якой пачалося вызваленне Брагіншчыны і Беларусі ў цэлым, спыніцца хачу на подзвігу байцоў 5-й стралковай роты на чале з Мелікам Магерамавым. Паглыбіцца ў гэтую тэму, больш даведацца пра храбрых воінаў, якія вызвалялі ў тым ліку і маю малую радзіму, мяне натхніла сустрэча з настаўніцай Іялчанскай школы Ганнай Іванаўнай Бельчанкай. У свой час, узначальваючы клуб “Пошук”, яна разам з вучнямі сабрала багаты матэрыял пра баявы шлях 77-й гвардзейскай Чарнігаўскай стралковай дывізіі, які пралягаў праз нашы мясціны. А адно з яе невялікіх падраздзяленняў – 5-я стралковая рота – увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай як рота Герояў. Як гэта было?

Задача – фарсіраваць
Пасля гарачых баёў за Чарнігаў, 26 верасня 1943 года, названая дывізія выйшла да Дняпра. Перад 218-м палком, у склад якога ўваходзіла і 5-я рота, была пастаўлена задача фарсіраваць Днепр і захапіць плацдарм.
Разведка ўстанавіла, што на заходнім беразе, паміж вёскамі Асарэвічы і Вялле, немцы ўмацоўваюць абарону. Праціўнік, як было дакладзена, чакаў нашых войскаў на выгібе ракі – у найбольш вузкім месцы на гэтым участку. Таму было вырашана стварыць бачнасць пераправы. Туды накіравалі кулямётную роту гвардыі старшага лейтэнанта Мікалая Антонава і два ўзводы – аўтаматчыкаў і супрацьтанкавых ружжаў. А рэальнае месца фарсіравання выбралі ніжэй па цячэнні.
Першай павінна была перапраўляцца 5-я стралковая рота на чале з 24-гадовым гвардыі лейтэнантам Мелікам Магерамавым, выпускніком Уладзімірскага ваеннага вучылішча. Ён сам і некалькі яго падначаленых атрымалі баявое хрышчэнне на Дзясне, а цяпер – чарговая водная перашкода.
Што ўяўляла сабой гэтая штурмавая група? Звычайная пяхота, узброеная вінтоўкамі, аўтаматамі, гранатамі. Пераважная большасць – юнакі ва ўзросце 18-20 гадоў. А сібіракам Мікалаю Яромушкіну, Міхаілу Уласаву і далёкаўсходніку Віктару Бабошыну – па сямнаццаць. Яны прызыўнікі 1943 года, якія месяц назад папоўнілі полк. Больш за астатніх паспелі паваяваць тры камандзіры аддзялення: гвардыі сяржанты Аляксандр Квіткоў і Якаў Заверталюк на фронце з 41-га, а Вячаслаў Засядацелеў у баявым страі са Сталінграда. Сярод усіх сваім суровым выглядам вылучаўся камандзір узвода Васіль Цыс. Паважалі яго не столькі за ўзрост (амаль сорак), колькі за смеласць і баявы вопыт. Апрача яго, яшчэ трое сталі пад ружжо, калі было за трыццаць, – камандзір кулямётнага разліку Іван Варэпа, гвардыі чырвонаармеец Іван Матвееў і Барыс Самсонаў, які прыбыў на фронт дабравольцам.

З Богам!
Магчыма, з наступленнем цемры лепш было б адначасова некалькімі падраздзяленнямі, магутным прыбоем выплюхнуцца на заняты ворагам бераг. Але стрымліваў недахоп пераправачных сродкаў. І тымі выручалі мясцовыя рыбакі і партызаны. Так што апоўначы 27 верасня на лодках размясціліся некалькі дзясяткаў салдат, і – з Богам! Рака ў тым месцы, насупраць вёсак Галкі і Вялле, з паўкіламетра шырынёй. Туман, ціхія ўсплёскі вады… Толькі б не выдаў Днепр-бацюхна.
У гэты ж час сканцэнтраваныя ў выгібе ракі кулямётная рота і ўзвод аўтаматчыкаў адкрылі шквальны агонь, ствараючы бачнасць пераправы, што дапамагло 5-й роце зачапіцца за сушу. Немцы выявілі гвардзейцаў, калі першыя лодкі ўжо дасягнулі берага. Вось як расказваў аб той ночы ў дывізійнай газеце “Боевое знамя” Магерамаў:
“Пераправа намечалась на небольших лодках, по пять человек в каждой. На каждую я посадил по два автоматчика, по расчёту с ручным или станковым пулемётом. С первой же группой лодок были отправлены два противотанковых ружья.
В первом часу ночи дал команду отплывать. Бесшумно лодки поплыли вперёд. Через полчаса сержант Лут и красноармеец Коврижко первыми вступили на западный берег Днепра. Одна за другой подплывали лодки. Немцы пока не заметили нас. Прошло ещё минут двенадцать. И вот неожиданно затрещали немецкие пулемёты и автоматы. Командую: «Вперёд!» В немецкие траншеи дружно врываются Лут, Коврижко, Заседателев, Вазиров, Власов, Мишенин, Туртуганов и другие. Немцы не выдерживают натиска и удирают. Мы занимаем оборону в немецких траншеях. Фрицы вскоре опомнились и перешли в контратаку…”

Знішчалі ворага яго ж гранатамі
Фашысты імкнуліся скінуць смельчакоў у халодную ваду. Многія лодкі перакульваліся ў выніку выбухаў, і байцы кідаліся ўплаў. Нягледзячы на сваю нешматлікасць, гвардзейцы ўмела манеўравалі і хутка ўварваліся ў варожыя траншэі.
Рота, якая замацавалася на невялікім плацдарме на правым беразе Дняпра, прыняла на сябе моцны контрудар праціўніка. Атакі рушылі адна за другой.
Баец Цыс налаўчыўся лавіць доўгія, з драўлянымі ручкамі нямецкія гранаты і пасылаць іх назад. Яго прыклад перанялі таварышы. Байцы разгрупаваліся. І такім чынам яны адкрылі па ворагу шквальны агонь, ствараючы бачнасць вялікай насычанасці ў сябе вогненных сродкаў. Дзве групы зайшлі ў тыл праціўніка. Яны непрыкметна наблізіліся да пазіцый гітлераўцаў і закідалі іх гранатамі. Кулямётчык Груздзеў знішчыў дзве вогненныя кропкі праціўніка, што перашкаджалі руху наперад, скасіў дзясятак гітлераўцаў. Чатыры контратакі адбіў кулямётны разлік Івана Варэпы. Чырвонаармейцы Уласаў, Яромушкін, Шэвелеў і іншыя знішчылі дзясяткі фашыстаў у рукапашнай схватцы. Мікалай Лут, калі спатрэбілася, узяў на сябе камандаванне ўзводам.
Воіны роты Магерамава зрабілі ўсё, каб паспяхова выканаць баявую задачу. Яны надзейна замацаваліся на захопленым рубяжы, адбілі ўсе спробы ворага ліквідаваць правабярэжны плацдарм. Так байцы далі магчымасць усяму палку пераправіцца праз Днепр. Да сярэдзіны дня 27 верасня ён ужо быў на заходнім беразе ракі і абрушыў свой удар на праціўніка. Несучы вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, гітлераўцы вымушаны былі адступіць.
Асноўныя сілы дывізіі пачалі пераправу на наступны дзень, з прыбыццём падраздзяленняў пантоннай брыгады, якая адставала з-за адсутнасці бензіну. Аб жорсткасці бесперапынных баёў на дняпроўскім рубяжы сведчыць такі факт: у некаторыя дні дывізійны медперсанал эвакуіраваў праз Днепр да 500–600 параненых. Доблесцю савецкіх пехацінцаў захапляўся нават вораг. Нямецкі генерал Дорн пісаў: “Там, где позиции русских и немцев разделялись рекой, форсирования можно было ожидать в любой момент… Русские действовали с невероятной быстротой. Им было достаточно одной ночи, чтобы превратить небольшой плацдарм в мощный опорный пункт, из которого очень трудно было их выбить”.
Гераізм і мужнасць, праяўленыя салдатамі і афіцэрамі пры фарсіраванні Дняпра, захопе і ўтрыманні плацдарма, высока ацаніла Радзіма. Увесь асабовы састаў 5-й роты быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. А 16 байцоў, уключаючы камандзіра, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты 15 студзеня 1944 года.
У дывізіі потым пабываў камандуючы 1-м Беларускім фронтам генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі і сфатаграфаваўся з ротай Герояў.

У памяці – навечна
Не ўсе, на жаль, дажылі да афіцыйнага прызнання іх подзвігу. Навечна 17-гадовымі засталіся Міхаіл Уласаў і Мікалай Яромушкін. Смерцю храбрых загінулі іх старэйшыя баявыя таварышы Іона Груздзеў, Віктар Самсонаў, Віктар Шэвелеў. У пачатку 1944-га, ужо пасля прысваення геройскага звання, аддаў сваё жыццё ў адным з баёў з ворагам Мікалай Лут. Прапаў без вестак Іван Матвееў. Усяго толькі пяць дзён не дажыў да Вялікай Перамогі Ілля Каўрыжка: варожая куля скасіла яго падчас Берлінскай аперацыі. Віктар Лебедзеў загінуў на палескай зямлі ў лістападзе 1943-га.

Па нацыянальнасці – азербайджанец
Нельга не прывесці, абмінуць увагай успаміны Меліка Магерамава, якія дапамагаюць зразумець, наколькі тая восеньская ноч памяняла месцамі жыццё і смерць, паўплывала на вынік усёй аперацыі:
“В 1943-м… выйдя к берегу Днепра, заночевали на берегу. Утром приехал командующий 61-й армией генерал-лейтенант Белов и командующий Белорусским фронтом легендарный генерал армии, маршал Рокоссовский. Удивительный был человек: высочайшей культуры, заботливый командир. Он приехал с приказом от Сталина – любой ценой ночью форсировать Днепр. Нужны были отчаянные люди, и наш командующий предложил мою роту: «Рота командира батальона старшего лейтенанта Мелика Магерамова была лучшей при взятии Чернигова». Рокоссовский, пристально посмотрев на меня, спросил: “Кто по национальности?» Я ответил: «Азербайджанец». Странный был вопрос, ведь в те времена он редко задавался на фронте. Позднее узнал: маршал спрашивал о национальности, когда знал, что люди идут на верную смерть.
По приказу мы должны были форсировать Днепр и закрепиться на плацдарме в 10 вечера. У нас было очень тяжёлое положение: танки и артиллерия остались в тылу, а у солдат всего по 10-15 патронов и одной ручной гранате. И я пошёл на хитрость, перенеся время операции на 12 часов ночи (в это время немцы, как правило, отдыхали, и наблюдение было ослаблено). Разбив роту из 120 солдат на три части, приказал потихоньку на рыбацких лодках переправляться на тот берег. Во время переправы курить, даже кашлять было запрещено, так как река, как зеркало на ладони, освещалась ракетами, и любой посторонний шум привёл бы к гибели всего состава. Задуманное осуществилось, немцы были застигнуты врасплох, в окопах началась рукопашная битва. Закрепившись и отбивая яростные атаки противника, мы ждали подкрепления. Приказ был выполнен…».
Вораг, як сведчаць дакументальныя крыніцы, не бачыў руху па рацэ толькі 20 мінут. Але гэтага хапіла, каб вырашыць зыход усёй аперацыі.
Мелік Магерамаў, дарэчы, даведаўся пра прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза ў шпіталі ў Туле, куды ён трапіў пасля ранення ў плячо ў баях за Беларусь. Калі вярнуўся ў родную гвардзейскую сям’ю, узначаліў батальён. Удзельнічаў у фарсіраванні Буга, Віслы, Одэра, яшчэ двойчы быў паранены.
Пасля вайны ён закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе ў Маскве, займаў пасаду начальніка штаба палка. Нягледзячы на прапанову застацца і прадоўжыць службу, вярнуўся на радзіму. І не толькі дзеля таго, каб перадаць увесь свой вопыт – ён не мог жыць без Азербайджана… Працаваў ваенным камісарам, быў начальнікам ваеннай кафедры Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе працягваў сваю дзейнасць да апошніх дзён. Не стала Меліка Магерамава 16 ліпеня 2004-га. Ён пакінуў гэты свет на 84-м годзе жыцця, увянчаны славай за свае небывалыя подзвігі.

Прыгадаем, што ўсяго за перыяд Вялікай Айчыннай вайны высокага звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 11 739 чалавек, і кожны пяты з іх – удзельнік бітвы за Днепр.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена, а частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *