Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. З павагай, гонарам і настальгіяй

Главное Грамадства Наша гісторыя

Наша рэспубліка – адна з нешматлікіх, дзе 7 лістапада з’яўляецца святам. Але яно ўжо, безумоўна, не напоўнена тым ідэалагічным сэнсам, што раней, некалькі дзясяткаў гадоў таму. Няма высокамоўных лозунгаў, заклікаў партыі – мы проста адзначаем гэты дзень у гісторыі. А ён для нашай краіны лёсавызначальны.
Дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ набыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру. Людзі атрымалі права на працу, адукацыю, адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пачуццё гаспадара, усведамленне сваёй прыналежнасці да лёсу краіны, магчымасць быць стваральнікам – усё гэта давала высокія вытворчыя вынікі, выклікала энтузіязм і натхняла на самаадданую працу. Таму сама гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікага Кастрычніка. Мільёны людзей разам са сваёй краінай прайшлі праз вялікія перамогі і здзяйсненні, перажылі шмат суровых выпрабаванняў, верылі ў светлую будучыню і ішлі на подзвіг у імя ідэі. Менавіта з гэтым перыядам гісторыі звязана фарміраванне такіх важнейшых рыс народа, як патрыятызм і любоў да Айчыны.

Прасочым толькі за некаторымі падзеямі, зменамі і зрухамі, што адбываліся ў паслякастрычніцкі перыяд на тэрыторыі Брагіншчыны.

• Паводле перапісу 1922 года, 90 працэнтаў сялян Брагіншчыны не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Таму навучанне грамаце з першых крокаў савецкай улады стала яе ўдарным участкам работы. Перапіс 1926-га ўжо сведчыць: узровень пісьменнасці вясковага насельніцтва ў раёне дасягнуў 45,2 працэнта. З 1927-га па 1938 год агульная колькасць школ павялічылася з 63 да 98, вучняў – з 5200 да 13 700, настаўнікаў – з 330 да 786.

• З 1924 года сельскія школы былі пераведзены на поўны бюджэт. Большасць з іх атрымала зямельныя ўчасткі памерам 2,5 дзесяціны. Яны выкарыстоўваліся школьнымі работнікамі.

• За поспехі ў павышэнні якасці ведаў навучэнцаў, паляпшэнні выхаваўчай работы Камарынскаму раёну ў 1940 годзе ўручаны пераходны Чырвоны сцяг Наркамата асветы БССР.

• У паслярэвалюцыйны час на Камарыншчыне была адкрыта першая бальніца на 16 коек, а ў Брагіне – адрамантавана з пашырэннем на 10 месцаў.

• У 1927–1928 гадах на Брагіншчыне з’явіліся першыя трактары – у саўгасе “Астрагляды”, сельгасарцелях “Надзея”, “Новы свет” і інш. 1930 год: створаны машынна-трактарныя станцыі. І ўжо праз тры гады Брагінская МТС забяспечвала вытворчым абслугоўваннем 92 калгасы, а Камарынская – 40. За гэты ж час сумарная магутнасць трактарнага парка ў абодвух раёнах узрасла больш чым удвая.

• На Усебеларускую нараду выдатнікаў сельскай гаспадаркі 1936 года накіравалася 12 прадстаўнікоў Брагінш-чыны. У іх ліку – старшыня калгаса імя Тэльмана Мікалай Дзялец, пастух-даглядчык аўцафермы калгаса “Чырвоны рассвет” Крыўчанскага сельсавета Пімен Доўбун, звеннявы калгаса “Чырвоны працаўнік” Буркоўскага сельсавета Васіль Кулай, загадчык свінагадоўчай фермы калгаса “Чырвоны Кастрычнік” (в. Казялужцы) Якаў Мельнічэнка і інш.

• У 1939 годзе на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы дэманстравалі свае вытворчыя дасягненні калгасы імя Тэльмана Малейкаўскага, “Другая пяцігодка” Брагінскага, “Чырвоны партызан” Малажынскага Саветаў, якія атрымалі добрыя ўраджаі збожжавых, бульбы, тытуню.

• У апошнім перадваенным годзе вышэйшай узнагароды краіны – ордэна Леніна – удастоіўся калектыў адной з лепшых у Брагінскім раёне гаспадарак – калгаса імя Тэльмана.

• За перадваенныя пяцігодкі пабудаваны Іялчанскі крухмальны завод №8, радзільны дом у Камарыне, малочны завод у Касачове, шэсць млыноў, уве-дзены ў эксплуатацыю торфазавод “Брагінскі”.

Нягледзячы на розныя сучасныя ацэнкі, Кастрычніцкая рэвалюцыя – эпахальная падзея дваццатага стагоддзя, якая зацвердзіла такія асноўныя прынцыпы, як права на самавызначэнне, павага да чалавека працы, сацыяльная справядлівасць. Менавіта тады, на золку новага строю, выхоўваліся моцныя духам, мудрыя і мэтанакіраваныя пакаленні, якія стварылі вялікую краіну з назвай СССР, імкнуліся да ўсеагульнай роўнасці і дабрабыту. А ў грозны ваенны час паўсталі ў тым жа адзіным парыве на абарону Радзімы.

Многія, праўда, скажуць: з распадам Савецкага Саюза і адлучэннем Камуністычнай партыі ад улады ўсё перайначылася. Але як жа ідэалы міру, свабоды, роўнасці, справядлівасці? Яны не губляюць сваёй значнасці і сёння, таму, відаць, і застаецца ў нашай краіне 7 лістапада чырвонай датай. Святам, якое некалі ўвайшло ў сэрцы людзей залпам “Аўроры”, пунсовым колерам гваздзікоў, яркімі транспарантамі і кумачом сцягоў. Для адных гэта настальгія па сваёй камсамольскай маладосці, грандыёзных дэманстрацыях, для другіх – пачуццё гонару за баявыя перамогі і працоўныя дасягненні, на якія натхняў Вялікі Кастрычнік. А для кагосьці проста яшчэ адзін выхадны, які можна правесці побач з роднымі і блізкімі.

І няхай ужо не будзе такіх, як раней, урачыстасцей. Ды і віншаванні – больш сціплыя. Затое пажаданні, самыя добрыя, светлыя, шчырыя, для ўсіх нас не лішнія. Моцнага здароўя, шчасця і радасці – у кожны дом!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *