Маглі б атрымаць больш, або Чаму на рахункі не прыйшлі значныя сумы

Сельское хозяйство

За студзень – жнівень выручка ад рэалізацыі малака ў раёне склала 1891 тысячу рублёў пры рэнтабельнасці 20,7% (яго родаж павялічылі пяць сельгаспрадпрыемстваў з сямі). Бясспрэчна, сума гэтая была б яшчэ большая, калі б вытворцы дастаткова ўвагі ўдзялялі якасці прадукцыі. Мяркуйце самі: за тону экстры плацяць 745 рублёў, малака вышэйшага гатунку – 644, першага – 690.

Што датычыць нашых гаспадарак, то экстры яны прадалі 15% (у 2018-м – 31%), вышэйшага гатунку – 34,5% супраць мінулагодніх 36,8%. Удзельная вага першага гатунку – 50,5%. Ад рэалізацыі малака нізкай якасцю недаатрымалі 703,6 тысячы рублёў, з якіх 202,6 тысячы прыпадаюць на долю “Брагінскага”. ААТ “Імя Жукава” магло папоўніць свой рахунак на 18,8 тысячы, “Брагінка” – на 27,9, “Чамярыскі” – на 105,8. Малажынцы мелі б дадаткова 160,5 тысячы рублёў, камарынцы – 84,1. Страты “Пераможніка” перавысілі сто тысяч.

На кожнай тоне недаатрымана па 34,1 рубля. Гэта ў сярэднім па раёне, бо ў “Брагінскім” і таго больш: па 62,8 рубля, “Малажынскім” – па 40. Якасныя паказчыкі рэалізаванага малака адбіліся на цане рэалізацыі. Сярэдняя за адну тону склала 635 рублёў, а ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Імя Жукава” – 699, “Чамярыскі” – 676. Калі б усё малако было адпраўлена на перапрацоўку гатунку экстра і вышэйшага, гаспадаркі маглі б атрымаць дадаткова 1250 рублёў.

Таварнасць малака па раёне зафіксавана на ўзроўні 88,5%, што ніжэй чым у мінулым годзе на 0,5 працэнтных пункта. Хаця ў “Пераможніку” і “Камарынскім” яна перавысіла 90%. Выйдзі на такі паказчык астатнія ААТ, на рахункі гаспадарак залічылі б яшчэ 523,4 рубля.

Чаму міма касы прайшлі такія сумы, што перашкаджае атрымліваць экстру? Гэтае пытанне мы задалі намесніку начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміру Сніцарэнку. Па яго словах, усё залежыць ад зацікаўленасці калектыву. На 1 лістапада “Брагінка” адпраўляла на перапрацоўку 100% малака элітнага гатунку, “Камарынскі – 39%. Прадукцыя “Імя Жукава” залічваецца ўвесь час вышэйшым гатункам. У экстры масавая доля тлушчу павінна быць 3,6%, як і ў малацэ вышэйшага і першага гатунку.

– Гатунковасць залежыць таксама ад масавай долі сухіх абястлушчаных рэчываў, кіслотнасці, чысціні, шчыльнасці, колькасці саматычных клетак і інш, – растлумачыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Па наяўнасці апошніх можна меркаваць аб здароўі жывёлы: ці ёсць мастыты, хваробы капытоў і інш. У кубічным сантыметры экстры саматычных клетак павінна быць не больш чым 3X10 у пятай ступені. На іх утрыманне вялікі ўплыў аказваюць генетычная схільнасць, перыяд лактацыі, узрост каровы, форма вымені, няправільнае даенне, недастатковая гігіена. Варта кантраляваць стан кожнай каровы і пры першых прызнаках захварорвання ізаляваць яе, не дапускаць змешвання мастытнага малака з тым, якое атрымалі ад здаровых кароў.

Калі ў прадукце прысутнічае вялікая колькасць мастытных клетак, яго страты складуць да 16%. А ў выпадку захворвання капытоў – і ўсе 20%. Гэта адмоўна сказваецца на памеры прыбытку, які сельгаспрадпрыемства атрымлівае ад рэалізацыі малака. Пастаянна неабходна кантраляваць пытанні ўтрымання, кармлення, даення, прафілактыкі і лячэння жывёлы. Захоўванне тэхналогіі вытворчасці малака – абавязковая ўмова, як і вырашэнне кадравай праблемы.

У адной з перадавых гаспадарак Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці дойны статак па фізіялагічным стане дзеляць на чатыры групы. За два месяцы да ацёлу праводзяць запуск глыбокацельных кароў і вылучаюць у цэх сухастою. Малако ад іх за дзесяць дзён да запуску і столькі ж – пасля ацёлу выкарыстоўваецца выключна на выпайку маладняку. Два разы ў месяц ветэрынарная служба правярае дойны статак на мастыты. Пасля заканчэння даення санітарную апрацоўку праходзяць малочнае абсталяванне, халадзільнікі, ёмістасці і дробны інвентар. Наяўнасць рэшткаў мыючага, дэзінфіцыруючага або кіслотнага раствору пасля апаласквання абсталявання вызначаецца з дапамогай індыкатарнай паперы. Маркотна? Затое прыбыткова. І тут міжволі ўсплывае думка пра славуты чалавечы фактар, кадравую праблему, пра якую ўзгадваў Уладзімір Сніцарэнка. У нас не хапае аператараў машыннага даення, даглядчыкаў. А хочацца, каб на жывёлагадоўчых фермах нашага раёна працавалі сумленныя і адказныя людзі, якія б душой хварэлі і за якасць малака, і за стан здароўя жывёлы, і за агульны дабрабыт. Тады б і грошы не праплывалі міма, а траплялі на рахункі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *