Накіраваць на шлях без злачынстваў

Общество

У любым цывілізаваным грамадстве злачынства лічыцца злом. А калі праведзеную законам мяжу пераступае падлетак?.. Боль і трывога ўзмацняюцца шматразова. І ўзнікае падстава задумацца, прааналізаваць, што недагледзелі, не ўлічылі, выпусцілі з поля зроку дарослыя, дзе ў прафілактычнай рабоце назіраюцца недахопы. Так было і на чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. У абмеркаванні хвалюючых пытанняў прынялі ўдзел кіраўнікі сельвыканкамаў, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, іншыя зацікаўленыя асобы.

Намеснік старшыні КСН Вольга Ясінская прывяла трывожныя лічбы: за дзевяць месяцаў на тэрыторыі раёна непаўналетнімі здзейснена два злачынствы (крадзяжы), хаця за аналагічны мінулагодні перыяд такіх фактаў не было. Часцей сталі фіксавацца сярод падлеткаў выпадкі ўжывання спіртных напояў, позняга знаходжання на вуліцы без суправаджэння дарослых, руху па праезнай частцы ў цёмны час сутак без флікераў, кіравання транспартнымі сродкамі, не маючы на тое правоў. Павялічылася колькасць прыцягнення да адказнасці бацькоў за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей.

Практыка паказвае: выкараніць такую з’яву, як парушэнне непаўналетнімі мяжы дазволенага, не так проста. І разважаць над пытаннем, што падштурхоўвае юных асоб ступаць на тэрыторыю забароненага, можна бясконца. Куды эфектыўней пабудаваць работу з падрастаючым пакаленнем так, каб у дзяцей не заставалася часу на свавольствы і неабдуманыя крокі, дзеянні ў разрэз з законам. Таму старшыня камісіі Мікалай Яшчук нацэліў усіх прысутных шукаць больш дзейсныя, жывыя і неардынарныя формы прафілактыкі. Вялікае значэнне, безумоўна, маюць і арганізацыя вольнага часу вучняў, і фарміраванне прававой культуры, і індывідуальная работа. Але ўсё гэта не будзе мець станоўчага выніку без агульнай зацікаўленасці ў ім, імкнення кіравацца ў справе інтарэсамі дзяцей і бацькоў, умення весці канструктыўны дыялог з сям’ёй.

Закончылася першая вучэбная чвэрць, і ў школьнікаў пачаліся асеннія канікулы. А значыць, і вольнага часу стала больш. Чым зацікавіць дзяцей, да якіх спраў і заняткаў далучыць, як адцягнуць ад сумніўнай вулічнай рамантыкі – усё гэта суб’екты прафілактыкі павінны былі прадумаць, прадугледзець загадзя. Прычым з улікам недахопаў у арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі. Недапушчальна, калі мерапрыемства застаецца толькі пазначаным на паперы ці кіраўнік гуртка ўвогуле адсутнічае на працоўным месцы – такія факты, на жаль, былі зарэгістраваны кантралюючымі органамі ў летні перыяд. Пэўныя праблемы таксама ўзнікалі з-за няўзгодненасці сваіх планаў работнікамі культуры з установамі адукацыі.

Камісія па справах непаўналетніх таксама нагадвае, што за падлеткавай злачыннасцю, супрацьпраўнымі ўчынкамі нярэдка стаяць бацькоўская абыякавасць, несур’ёзнасць і безадказнасць. Гэта пацвярджаюць і тыя два факты крадзяжоў, пра якія паведамлялася вышэй: 16-гадовыя хлопцы пайшлі на іх у вячэрні час, калі, здавалася б, бацькі павінны ўзмацніць кантроль за іх месцазнаходжаннем, удзяліць ім больш увагі, заняць нечым карысным, засцерагчы ад небяспечных спакус. Таму варта ўсё-такі арганізаваць вольны час свайго дзіцяці-школьніка так, каб яно не шукала прыгод. Асабліва – у перыяд канікул. Вечарам часцей глядзіце на гадзіннік. Да ведама: з пачатку года на бацькоў былі накладзены штрафы ў агульнай суме больш за 500 рублёў – так ім давялося разлічыцца за позняе знаходжанне на вуліцы сваіх непаўналетніх сыноў і дачок без суправаджэння дарослых.

Не шкадуйце часу для сваіх дзяцей на даверлівыя размовы і гутаркі аб тым, якія іх могуць падпільноўваць небяспекі і рызыкі. Нагадвайце аб выніках парушэнняў жыццёва важных правілаў, наступствах неабдуманых крокаў, не дазваляйце карыстацца адсутнасцю кантролю ці вашай празмернай занятасцю. Жахліва, але факт: за дзевяць месяцаў у Гомельскай вобласці ад знешніх прычын загінулі 22 дзіцяці.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтых праблем, правільных жыццёвых арыенціраў, прафілактыкі негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі, ва ўстановах адукацыі раёна праходзяць бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх, аховы здароўя, аддзела па надзвычайных сітуацыях, іншых зацікаўленых структур.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *